На менскім бальконе, зь якога напярэдадні з пад’ёмнікам зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, вывесілі новы

Фота Tut.by

Да менскага пяціпавярховіка 3 ліпеня падагналі аўтавышку, каб зьняць з балькона бел-чырвона-белы сьцяг. Гаспадыні кватэры не было дома; вярнуўшыся, яна абуралася сытуацыяй. Tut.by паглядзеў, як цяпер выглядае той самы балькон.

4 жніўня на тым самым бальконе зноў зьявіўся сьцяг — гэтым разам папяровы.

Жыхарка кватэры, 24-гадовая Анастасія, патлумачыла, што сама датэлефаноўваецца ў РУУС — яе запрасілі на размову да начальніка ўпраўленьня. «Але ва ўстаноўленым парадку мяне так ніхто нікуды і ня выклікаў», — кажа яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да менскай хрушчоўкі падагналі падʼёмнік, каб зьняць бел-чырвона-белы сьцяг

Бел-чырвона-белы сьцяг на гэтым менскім бальконе вісеў некалькі тыдняў, але 3 жніўня міліцыя адмыслова падагнала да дома аўтакран зь люлькай, каб зьняць сымболіку. У міліцыі патлумачылі, што нехта напісаў заяву пра тое, што сьцяг абражае яго маральныя прынцыпы і погляды.

Паводле Анастасіі, сьцяг, які зьнялі і зьвезьлі, каштуе 35 рублёў, набыты ў легальным пункце продажу. Ёсьць другі, падораны сяброўкай. «Але падарунак сяброўкі я пакуль ня буду вывешваць — будзе шкада, калі пацягнуць і яго. Значыць, будзем маляваць папяровыя», — казала Анастасія.

Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што няма нарматыўных актаў, якія б забаранялі вывешваць падобную сымболіку.

Вось як балькон выглядаў за некалькі дзён да таго, як першы сьцяг зьнялі.

Фота Tut.by