Пандэмія каранавірусу можа прыняць «зацяжны» характар, а яе эфэкты могуць адчувацца на працягу бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў — заявіў кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус на пасяджэньні арганізацыі.
«Пандэмія — найбуйнейшы і беспрэцэдэнтны крызіс у галіне аховы здароўя, наступствы якога будуць адчувацца яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі, — заявіў Тэдрас Гебрэесус. — Многія краіны, якія думалі, што горшае ўжо ў мінулым, сёньня сутыкаюцца з новымі ўспышкамі. Краіны, якія перажылі першыя тыдні пандэміі без сур’ёзных узрушэньняў, сёньня адзначаюць у сябе рэзкі рост захворваньняў і сьмяротнасьці. Тыя краіны, якія ўжо сутыкнуліся з маштабнымі эпідэмічнымі ўспышкамі, змаглі ўзяць іх пад кантроль».
Ён пацьвердзіў, што сытуацый з каранавірусам працягвае заставацца абвешчаная міжнароднай надзвычайнай сытуацыяй у сфэры аховы здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўразьвяз абнавіў сьпіс бясьпечных ад COVID краінаў. Ці ёсьць там Беларусь?У заяве ад 1 жніўня паведамляецца, што надзвычайны камітэт СААЗ сабраўся, каб ацаніць сытуацыю праз 6 месяцаў пасьля таго, як успышка COVID-19 у Кітаі была абвешчаная міжнароднай надзвычайнай сытуацыяй у сфэры аховы здароўя. Шэраг экспэртаў і палітыкаў пасьля крытыкавалі СААЗ за занадта павольную, на іх думку, рэакцыю на разьвіцьцё эпідэміі. Кіраўнік СААЗ падкрэсьліў, што надзвычайную сытуацыю абвясьцілі ў момант, калі за межамі Кітая не памёр яшчэ ні адзін чалавек.
Цяпер колькасьць ахвяр, паводле падлікаў інстытута Джонса Гопкінса, ва ўсім сьвеце перавысіла 680 тысяч, а колькасьць інфікаваных набліжаецца да 18 мільёнаў. Пандэмія была абвешчаная ў пачатку сакавіка, калі вірус стаў хутка распаўсюджвацца ў Эўропе.
Карантынныя меры, уведзеныя ў большасьці краін сьвету ў сакавіку, у траўні-чэрвені моцна аслабілі пасьля некаторага запаволеньня росту колькасьці новых інфікаваных. У шэрагу краін, аднак, каранавірус апошні час пачаў зноў хутка распаўсюджвацца. Вяртаюцца і абмежаваньні. Цяпер у шэрагу краін ідуць выпрабаваньні вакцыны ад COVID-19.