Больш беларусаў вераць у сусьветнае лідэрства ЗША, — Гэлап

Зьмены рэйтынгу папулярнасьці ЗША ў 2019 годзе паводле Інстытуту Гэлапа

Амэрыканскі Інстытут Гэлапа апублікаваў дасьледаваньне рэйтынгаў усясьветных лідэраў за 2019 год.

Гэлап, пачынаючы з 2007 году, штогод замярае папулярнасьць кіраўніцтва чатырох краін: ЗША, Расеі, Нямеччыны і Кітаю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сусьветным індэксе дабрачыннасьці Беларусь апярэджвае Расею і Ўкраіну. АДНОЙ КАРЦІНКАЙ

На першым месцы ў рэйтынгу, як і ў два папярэднія гады — Нямеччына, прадстаўленая канцлеркай Ангелай Мэркель. З ухвалай да кіраўніцтва Нямеччыны ставяцца ў сярэднім 44 адсоткі апытаных па ўсім сьвеце.

Злучаныя Штаты на другім месцы — 33 працэнты. Рэйтынг кіраўніцтва ЗША прыкметна абваліўся ў першы год прэзыдэнцтва Дональда Трампа, цяпер ён вырас, але нязначна.

Кіраўніцтва КНР ухваляе 32 адсоткі, Расеі — 30 адсоткаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь трапіла ў дзясятку самых неспагадлівых краінаў

Падчас дасьледаваньня гучала пытаньне, ухваляеце вы або не працу кіраўніцтва ЗША? Варта адзначыць, што Беларусь апынулася сярод 12 краінаў, у якіх падтрымка для сусьветнага лідэрства ЗША ў 2019 годзе вырасла болей чым на 10 працэнтных пунктаў у параўнаньні з папярэднім годам.