Паліцыя арыштавала 12 чалавек на пратэстах у Ізраілі. Супраць удзельнікаў выкарысталі вадамёты

Адзін з папярэдніх пратэстаў у Тэль-Авіве, 11 ліпеня

Дзясяткі тысяч ізраільцян выказалі пратэст супраць палітыкі прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу.

Ранкам 26 ліпеня паліцыя выкарыстала вадамёты для разгону ўдзельнікаў акцыі і арыштавала 12 чалавек у Ерусаліме, заявіў прэс-сакратар паліцыі Мікі Розэнфэльд.

Упершыню за некалькі тыдняў сотні людзей сабраліся каля прыватнага дома Нэтаньягу ў прыбярэжным горадзе Кэсарыі, дзе іх сустрэла ўзмоцненая ахова.

Паліцыя дазволіла правесьці пратэсты каля афіцыйнай рэзыдэнцыі Нэтаньягу ў Ерусаліме, а таксама ў прыморскім парку Тэль-Авіва і іншых месцах незадоўга да поўначы 25 ліпеня.

У сярэдзіне сакавіка Нэтаньягу ўвёў тэрміновыя і жорсткія карантынныя абмежаваньні, каб стрымліваць пандэмію каранавірусу ў Ізраілі. Адначасна карантын нанёс сур’ёзны ўдар па эканоміцы: узровень беспрацоўя ў краіне перавысіў 20%.

Пасьля палягчэньня карантыну ў траўні колькасьць пацыентаў рэзка вырасла, што зрабіла Ізраіль адным з усясьветных лідэраў па захворваньні.

Цяпер у гэтай краіне вядома пра 33 тысячы пацыентаў, 27 тысяч чалавек ужо ачунялі.