Нямецкі суд асудзіў 93-гадовага мужчыну за нацысцкія злачынствы

Былы ахоўнік нацыскага канцлягера на лаве падсудных у судзе ў Гамбургу, 23 ліпеня 2020

Суд у Гамбургу прызнаў 93-гадовага немца памагатым у забойстве 5232 зьняволеных, сярод якіх было шмат габрэяў, у нацысцкім канцлягеры падчас Другой сусьветнай вайны і асудзіў яго ўмоўна на двухгадовы турэмны тэрмін.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, адзначаючы, што справа 93-гадовага Бруна Д. — адзін з ужо апошніх судовых разглядаў злачынстваў нацысцкай эпохі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста стаяў на вышцы»: як у Нямеччыне судзяць былога ахоўніка лягера

Абвінавачаны Бруна Д. прызнаў, што быў эсэсаўскім ахоўнікам у канцэнтрацыйным лягеры Штутгаф паблізу Гданьску ў тагачаснай акупаванай Польшчы, але сказаў, што не дапамагаў у забойстве вязьняў.

Гэта не пераканала суд у Гамбургу, які прызнаў яго вінаватым у датычнасьці да забойстваў у пэрыядзе ад жніўня 1944 да красавіка 1945 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ангела Мэркель ўпершыню наведала былы канцлягер Аўшвіц

Паколькі Бруна Д. на момант зьдзяйсьненьня злачынстваў меў толькі 17–18 гадоў, яго судзілі ў судзе для непаўналетніх. Паседжаньні былі абмежаваныя дзьвюма-трыма гадзінамі ў дзень з прычыны кепскага стану здароўя абвінавачанага.