«Прапаную Кіеў як пункт зборкі беларускага пратэсту». Рэстаратар Пракоп’еў запісвае відэа, у якіх заклікае змагацца з рэжымам

Вадзім Пракоп’еў

Вядомы беларускі рэстаратар Вадзім Пракоп’еў, які нядаўна пакінуў Беларусь, апублікаваў сэрыю відэазваротаў да прэзыдэнта Лукашэнкі і да беларусаў, ня згодных зь дзеяньнямі ўладаў у краіне. У пятай сэрыі бізнэсмэн кажа, што знаходзіцца ў Кіеве, і кліча туды апанэнтаў «у пагонах і без», каб «перацерці па-эўрапейску, без ваўчыных пантоў».

Бізнэсмэн прапануе выкарыстоўваць Кіеў як «пункт зборкі беларускага пратэсту». Ён таксама дзякуе беларусам за мяжой — тым, хто выйшаў на акцыі і пікеты салідарнасьці: «Зьвяжыцеся са мной, не адкладаючы». Зьвяртаецца па дапамогу: «Дапамога патрэбная і ў Менску — ня сьпіце там у шапку. Дапамажыце дзяўчатам!» — кажа ён, маючы на ўвазе, праўдападобна, кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама Марыю Калесьнікаву, каардынатарку штабу арыштаванага экс-банкіра Віктара Бабарыкі, і Вераніку Цапкалу, жонку незарэгістраванага прэтэндэнта на прэзыдэнцкі пост Валера Цапкалы.

«Лукашэнка баіцца любога мэдыйнага чалавека, які мог бы стаць на чале. Чуцьцё яго не падвяло», — кажа Вадзім Пракоп’еў. Ён дадае, што гатовы вярнуцца «першым рэйсам па сыгналу».

«Перастаньце баяцца. Інструкцыі хутка. Сустрэнемся на Эльбе», — абяцае бізнэсмэн.

Вадзім Пракоп'еў вядомы ў Беларусі як суўладальнік некалькіх рэстаранаў і бараў прэміюм-клясы. У траўні, пасьля заявы Лукашэнкі аб тым, што падчас пандэміі каранавірусу рэстараны ніхто падтрымліваць ня будзе, ён запісаў зварот да калегаў, у якім прапанаваў ім аб’яднацца ў асацыяцыю, каб уплываць на грамадзкую думку і адстойваць свае інтарэсы перад дзяржавай. На пачатку ліпеня стала вядома, што Пракоп’еў прадаў бізнэс у Менску і пераяжджае ў Сынгапур.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пракоп’еў выклікаў Лукашэнку на баксэрскі бой. ВІДЭА

Першы відэазварот Вадзіма Пракопʼева да прэзыдэнта Лукашэнкі зьявіўся амаль апоўначы 14 ліпеня — у гэты дзень у Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя пратэсты супраць адмовы рэгістраваць незалежных кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Затрымалі больш за 370 чалавек.

На відэа рэстаратар у баксэрскіх пальчатках і ў майцы з выявай Вацлава Гаўла выклікае Лукашэнку на паядынак. Прычынай, як тлумачыць сам Пракоп’еў, стала асабістая абраза на яго адрас ад прэзыдэнта. «Як жа мне цяпер з вамі быць? Публічнае прабачэньне або дуэль. У вас, Аляксандар Лукашэнка, ёсьць 24 гадзіны на адказ. Час пайшоў», — кажа Вадзім Пракоп’еў.

Роўна праз суткі бізнэсмэн апублікаваў другі, значна больш жорсткі зварот да Лукашэнкі, калі той не прыняў выкліку на паядынак. «Адчуваю за сабой поўнае права перайсьці на «ты». І паведаміць тое, што пра яго даўно думаю», — адзначыў Пракоп’еў у апісаньні роліка. На відэа ён кажа пра рэйтынг прэзыдэнта, пра пасадкі блогераў, пра сфабрыкаваныя ўладамі крымінальныя справы, але дадае, што «беларусаў больш у напарсткі не абдурыць». Зьвяртаючыся да Лукашэнкі, Пракоп’еў кажа, што той «прайграў па-любому»: «Нават калі набʼеш турмы бітком, нават калі ўвядзеш камэнданцкую гадзіну, нават калі калега з Лубянкі прышле дапамогу». Бізнэсмэн расказвае, якая расплата чакае прэзыдэнта і блізкіх да яго асоб. Відэа заканчваецца сьпісам палітвязьняў і затрыманых на акцыях салідарнасьці ў розных гарадах Беларусі 14 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пракоп’еў, які крытыкаваў урад і стварыў Асацыяцыю рэстаратараў, зьедзе зь Беларусі

Навошта запісвае відэазвароты, Вадзім Пракоп’еў патлумачыў у трэцім роліку: «Я сабе ніколі не дарую, калі не дапамагу ўсім вольным людзям Беларусі. <…> 2020 зьмяніў усё. Ніколі яшчэ ў гісторыі Беларусі я ня бачыў такога ўздыму, такога энтузіязму і рашучасьці». Ён згадвае палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца — «гэтым людзям я бясконца ўдзячны: яны трымалі ўдар, калі грамадзтва яшчэ не прачнулася». Кажа пра Расею, дзе, паводле яго слоў, «за рулём знаходзіцца такая ж арганізаваная злачынная групоўка, толькі больш небясьпечная і больш магутная». «Скруціўшы шыю нашаму пахану, мы натхнім тых найлепшых расейцаў, якіх не задавальняе іх уласны рэжым», — кажа Пракоп’еў.

Ён заяўляе, што не належыць ні да якага палітычнага штабу, але мае намер дапамагчы тым людзям, хто здольны давяраць і абʼядноўвацца дзеля агульнай, найважнейшай мэты.

У чацьвёртым відэа бізнэсмэн зьвяртаецца да штабу — верагодна, да абʼяднанага штабу Ціханоўскай — і прапануе выпрацаваць адзіны плян дзеяньняў.

23 ліпені Пракоп'еў зьвярнуўся да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў «выдвараць з краіны» журналістаў, якія «заклікаюць да масавых беспарадкаў». ВІДЭА

Канал Пракопʼева на Ютубе быў зарэгістраваны 13 ліпеня. На момант публікацыі гэтай нататкі ў яго больш за 50 тысяч падпісчыкаў. За тыдзень усе відэа паглядзелі амаль 2 млн чалавек.

Ніякай рэакцыі ні ад прэзыдэнта Лукашэнкі, ні ад іншых беларускіх чыноўнікаў да гэтага часу не было, хоць Пракоп’еў упэўнены, што яны бачылі ягоныя звароты.