Кангрэсмэны ЗША ўхвалілі праект вайсковага бюджэту з санкцыямі супраць расейскага газаправоду

Ілюстрацыйнае фота

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла сваю вэрсію абароннага бюджэту. Дакумэнт прадугледжвае, у прыватнасьці, пашыраныя санкцыі супраць расейскага газаправоду«Паўночны паток –​ 2».

Мяркуецца, што санкцыі будуць уводзіцца супраць замежных асоб і кампаній, якія дапамагаюць продажу, арэндзе або даваньню суднаў для пракладкі труб «Паўночнага патоку», дапамогі ў мадэрнізацыі такіх суднаў і іх страхаваньня або перастрахаваньня.

Расея з 2018 году будуе газаправод у Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. Меркавалася, што пракладка труб завершыцца ў канцы 2019 году. Будаўніцтва завершана на 90 адсоткаў, але прыпынена з прычыны санкцыяў з боку Вашынгтона.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША: мы лічым Расею сур'ёзнай пагрозай

Злучаныя Штаты спрабуюць спыніць завяршэньня праекту, мяркуючы, што яго асноўнае прызначэньне — палітычны ціск на Эўропу, якая стане занадта залежная ад расейскага газу. Акрамя таго, газаправод значна зьнізіць залежнасьць Расеі ад транзыту газу праз Украіну.