Піраты захапілі 13 маракоў з танкера з расейска-ўкраінскім экіпажам

«Кюрасао трэйдар», архіўнае фота

Піраты ўзялі ў закладнікі 13 з 19 чальцоў экіпажу з танкеру «Кюрасао трэйдэр» у Гвінэйскай затоцы. Пра гэта паведаміла ў суботу кампанія Alison Management, у кіраваньні якой знаходзіцца вадаплаў, перадае сайт Dryad Global. Большая частка экіпажу — грамадзяне Расеі і Ўкраіны.

Сярод захопленых маракоў — шасьцёра грамадзян Украіны, астатнія з Расеі. Паводле начальніка аддзелу крызіснага кіраваньня Дэпартамэнту консульскай службы Міністэрства замежных справаў Украіны Максіма Каваленкі, уладальнікі судна і апэратар карабля ствараюць апэратыўны штаб і, магчыма, будуць наймаць адмысловую кампанію для перамоваў з піратамі.

Паводле Dryad Global, вадаплаў захапілі напярэдадні. На борт танкера, які ішоў пад сьцягам Лібэрыі, падняліся восем узброеных піратаў за 210 марскіх міляў ад узьбярэжжа Бэніну і за 230 на поўдзень ад нігерыйскага Лагасу. Выданьне адзначае, што ніколі раней захопы закладнікаў у Гвінэйскай затоцы не чынілі так далёка ад берагу, што можа сьведчыць аб удзеле ў захопе буйнога вадаплава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Піраты захапілі 12 чальцоў экіпажу швайцарскага судна