Паўночная Македонія праводзіць выбары, крытычна важныя для яе эўрапейскай будучыні

У Паўночнай Македоніі 15 ліпеня праходзяць парлямэнцкія выбары, вынікі якіх могуць паўплываць на тэмп эўраатлянтычнай інтэграцыі гэтае балканскае дзяржавы.

Часовы ўрад кіруе Македоніяй ад сёлетняга студзеня, калі прэм’ер-міністар Зоран Заеў падаў у адстаўку. Гэта адбылося пасьля таго, як увосень Эўразьвяз ня змог назваць даты пачатку перамоваў аб далучэньні Паўночнай Македоніі. Пасьля месяца затрымкі, якую выклікала пазыцыя Францыі, Эўразьвяз у сакавіку нарэшце даў зялёнае сьвятло для пачатку афіцыйных перамоваў аб далучэньні. Тады Францыя настойвала на тым, што балканскія краіны па-ранейшаму не змагаюцца належна з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі Эўразьвязу далі дазвол Альбаніі і Паўночнай Македоніі пачаць перамовы аб далучэньні

Лідэрамі цяперашняй выбарчай гонкі ёсьць праэўрапейскі Сацыял-дэмакратычны зьвяз Македоніі (СДСМ) і кансэрватыўная партыя ВМРО-ДПМНЕ. Абедзьве палітычныя сілы маюць падтрымку менш як чвэрці выбарнікаў кожная, таму наўрад ці нейкая партыя зможа аднаасобна атрымаць 61 месца ў 120-асабовым парлямэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Македонія далучылася да NATO

Спачатку галасаваньне плянавалі на красавік, але перанесьлі праз пандэмію. З пачаткам выбуху хваробы ўлады Паўночнай Македоніі вырашылі правесьці галасаваньне 15 ліпеня і адкрыць выбарчыя ўчасткі яшчэ на дзьве гадзіны, да 21:00, каб паменшыць цеснату і рызыку заражэньня.