Kreva Create: тры амбітныя праекты для Крэва ад Сяргея Гапона

Гісторыя пра тое, як малады чалавек вярнуўся зь Менску на сваю радзіму, у мястэчка Крэва Смаргонскага раёну, і спрабуе ажывіць яе незвычайнымі праектамі і імпрэзамі.

Фотакарэспандэнт агенцтва «Франс-Прэс» (AFP) Сяргей Гапон пасьля вучобы жыў і працаваў у Менску, а пазалетась вярнуўся жыць на малую радзіму, адрамантаваў сабе хату і распачаў актыўную дзейнасьць.

Пляны ў Сяргея амбітныя. Ён хоча рэалізаваць доўгатэрміновы праект Kreva Create: сэрыю адукацыйных, забаўляльных, рэстаўрацыйных падзеяў, якія стануць нагодай для прыезду турыстаў, прыцягнуць увагу дзяржавы і інвэстараў да тутэйшых каштоўнасьцяў і праз наступнае разьвіцьцё інфраструктуры дадуць жыхарам шанец застацца на радзіме.

Выстава пад паўночна-заходнімі мурамі

Першыя гледачы вулічнай фотавыставы

Вярнуць Крэва на мапу краіны, а людзей — у мястэчка, так акрэсьлівае ён галоўны пасыл сваёй ідэі.

Фотавыстава ля замкавых руінаў

Першая імпрэза пад брэндам Kreva Create ужо стартавала. Проста пад мурамі старога замка раскінулася фотавыстава «мікрагісторый». На здымках плякатнага фармату — сюжэты з сучаснага жыцьця Крэва, якое застаецца па-за ўвагай вузкаарыентаваных «замкавых турыстаў».

Раварыст на Багданаўскай вуліцы

Падчас сьвяткаваньня Масьленіцы

«Крэва — славутае мястэчка зь неверагоднай энэргетыкай, гісторыяй і прыродай. Калісьці ў нашым замку заключылі легендарную ўнію паміж ВКЛ і Рэччу Паспалітай, а сёньня ён у руінах. Праз агульную занядбанасьць беларусы страчваюць чарговую гісторыка-культурную каштоўнасьць, а тутэйшыя жыхары — умовы для жыцьця ў родным краі. Перш за ўсё я хачу палепшыць агульнае ўспрыняцьце мястэчка, зрабіць яго прывабным.

Фотавыявы руінаў пад сьценамі замку

Паказаць праз выставу, што яно цікавае, са сваёй атмасфэрай, асаблівай аўтэнтыкай», — гаворыць Сяргей Гапон Свабодзе.

У экспазыцыю ўвайшлі 18 фатаздымкаў, галоўныя героі якіх — старыя і малыя жыхары, свойскія жывёлы, прыродныя і рукатворныя помнікі. Гэта партрэт Крэва, а не прэзэнтацыя фатографа, падкрэсьлівае аўтар.

Бусел на касьцельным крыжы

Цікаўная крэўская каза

Сродкі на арганізацыю вулічнай выставы Сяргей зьбіраў на плятформе MolaMola — пасьпеў акумуляваць каля 1000 даляраў яшчэ да гісторыі з блякаваньнем краўдфандынгавай пляцоўкі. Асноўная сума пайшла на друкаваньне фота. Яны зробленыя на банэрнай тканіне, якая павінна вытрымаць любыя кліматычныя капрызы. Гапон спадзяецца, што зіму экспазыцыя перажыве.

Кароль Ягайла ў гістарычным коміксе

У жніўні будзе адзначацца чарговая гадавіна падпісаньня уніі 1385 году. Цяпер на замкавую тэрыторыю пасьля працяглай паўзы зноў вярнуліся будаўнікі — ратаваць муры, якія развальваюцца літаральна на вачах. Княскую вежу і адну са сьцен, паўночна-заходнюю, умацавалі, закансэрвавалі і накрылі двухсхільным дахам. Цяпер чарга за іншымі.

Наглядчыца за замкам Валянціна Заячкоўская

Тут ёсьць і «каменны ўнёсак» паэта Някляева

Наглядчыца аб’екту Валянціна Заячкоўская — адна са шматлікіх прыхільніц Сяргея і гераіня яго фотаработ. З гонарам яна паказвае камяні, якія ў кожны свой прыезд, як у вядомым праклёне («Каб ты ўсё жыцьцё на Крэўскі замак валуны цягаў!»), «цягне» у багажніку машыны на радзіму слынны зямляк, паэт Уладзімер Някляеў. Як і іншыя месьцічы, яна спадзяецца, што сьцены ўмацуюць да таго, як тыя ператворацца ў руіну.

Сяргей Гапон да юбілейнай даты рыхтуе першы крэўскі гістарычны комікс, які, акрамя таго, знойдзе працяг у тэатральнай пастаноўцы «Ягайла і Мядзьведзь. Дзея з гісторыі Крэва». Сцэнар ужо падрыхтаваны. Сумесна са студыяй «ДыяфільмLive» у рамках блёку «Музыка фэсту» ёсьць пляны зладзіць канцэртную прэзэнтацыю на тэрыторыі замку. Цяпер ідуць перамовы з кіраўніцтвам раёну. Імпрэза адбудзецца 15-16 жніўня.

Частка сьценаў амаль абсыпалася

Прагалы ў мурах

«Сем стагодзьдзяў таму Крэва стварала нашу гісторыю. Сёньня ты можаш стварыць гісторыю Крэва. Стань нашым саюзьнікам — далучайся да новай Крэўскай уніі», — заклікае Гапон.

Парк скульптураў на габрэйскіх могілках

Пасьля гэтага дзейнасьць перамесьціцца да Юравай гары. Дакладней, на старыя габрэйскія могілкі, якія на ініцыятыву Сяргея летась сіламі валянтэраў былі вычышчаныя ад друзу і непраходнага кустоўя. Пра талаку там Свабода раней ужо пісала.

Сяргей Гапон з удзячнасьцю валянтэрам

Паводле задумаў Гапона, у рамках Kreva Create прафэсійныя майстры і іхныя добраахвотныя памочнікі ператвораць старажытныя пахаваньні ў паркавую прастору. Як анансуе Сяргей Гапон, традыцыйныя сымбалі з надмагільляў паўстануць у выглядзе трохмерных арт-інсталяцый. Праціўнікаў парушэньня спакою памерлых ён запэўнівае, што ўсё будзе зроблена тактоўна і з павагай да тых, хто за апошнія два стагодзьдзі знайшоў тут свой апошні спачын.

Крэўскія могілкі — зрэшты, як і ўсё навокал — незвычайныя. Дакладна вядома, што тут пахаваныя прапрабабка і прапрадзед цяперашняга прэм’ер-міністра Ізраілю Біньямін Нэтаньягу — Пэсія і Хаім Мілэйкаўскія. Габрэі складалі значную частку насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, ажно да Другой усясьветнай вайны іх было багата ў Беларусі

Крэўскія краявіды

Ня стала выключэньнем і Крэва: паводле перапісу 1895 году, на 2300 жыхароў налічвалася амаль 800 габрэяў. Выключнае значэньне габрэйскага насельніцтва для разьвіцьця мястэчка дэманстравала мураваная сынагога, якая ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя паўстала на галоўнай Замкавай вуліцы, паміж старадаўняй фартэцыяй і шматлюдным рынкам. Цяпер толькі зорка Давіда на фоне руіны нагадвае пра лепшыя часы для вернікаў-юдэяў.

Сяргей Гапон ужо меў «тэлемост» з Іда Нэтаньягу, родным братам Біньяміна, пісьменьнікам і мэдыкам паводле адукацыі. Той сказаў, што яны ведаюць пра свайго крэўскага дзеда Натана Мілэйкаўскага, але лёс папярэдніх пакаленьняў быў загадкай. І ня выключыў, што пры такім раскладзе ўдасца пабываць на радзіме продкаў.

Парэшткі былой велічы

На падтрымку ініцыятывы Сяргей Гапон распачаў новы збор сродкаў. Праз пляцоўку Social Weekend, дзе крэўскія аднадумцы прэзэнтавалі свае пляны, паступілі першыя грошы ад неабыякавых людзей. Але агулам патрэбна яшчэ каля 5 тысяч даляраў.

«Дзеля таго, каб зрабіць для вас найлепшы івэнт гэтага лета, аднавіць габрэйскія могілкі і закласьці аснову для ўнікальнага парку скульптураў у Беларусі. У рамках фэстывалю валянтэры змогуць спрычыніцца да аднаўленьня знакавых помнікаў, мастакі — праявіць сябе, ствараючы на аснове мясцовай спадчыны арт-аб’екты, а гледачы — адкрыць для сябе новае Крэва», — агітуе валянтэраў у роднае Крэва Сяргей Гапон.

Праца мясцовага майстра Сяргея Бандарэнкі