У кітайскай Унутранай Манголіі папярэдзілі аб пагрозе бубоннай чумы

Лябараторыя ў Пэкіне

Улады Баян-Нура ў кітайскім рэгіёне Ўнутраная Манголія 5 ліпеня абвясьцілі папярэджаньне пасьля таго, як напярэдадні адзін са шпіталяў паведаміў пра выяўленьне пацыента з падазрэньнем на бубонную чуму.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», камітэт аховы здароўя Баян-Нура абвясьціў трэці ўзровень пагрозы (усяго такіх узроўняў чатыры).

Папярэджаньне азначае забарону на паляваньне і спажываньне ў ежу жывёлаў, здатных распаўсюджваць чуму. Улады просяць жыхароў паведамляць пра падазрэньні на чуму або гарачку без усялякіх прычынаў, а таксама пра хворых або мёртвых суркоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што такое чума? Таксама жыцьцё, і ўсё тут». 8 твораў сусьветнай літаратуры пра эпідэміі

Летась у лістападзе паведамлялі пра чатыры выпадкі чумы ў жыхароў Унутранай Манголіі. У двух выпадках гэта была лёгачная чума — самы небясьпечны варыянт хваробы.