У Ганконгу масавыя затрыманьні на акцыях прадэмакратычных сілаў

Пратэсты ў Ганконгу 1 ліпеня 2020

У Ганконгу, дзе 1 ліпеня ўступіў у сілу новы закон аб нацыянальнай бясьпецы, сілы правапарадку затрымалі каля 70 удзельнікаў пратэставых акцый.

Пра гэта паведаміла паліцыя, разьмясьціўшы раней на вуліцах знакі, якія папярэджваюць актывістаў, што паводле новага закону яны могуць быць арыштаваныя як прыхільнікі сэпаратызму. Першым затрыманым аказаўся мужчына, які трымаў плякат з надпісам «Незалежнасьць Ганконгу». Ад сёньняшняга дня за такія дзеяньні пагражае працяглы турэмны тэрмін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт КНР прыняў закон аб нацыянальнай бясьпецы ў Ганконгу. Што гэта значыць

Закон быў прыняты з ініцыятывы Кітаю і выклікаў хвалю пратэстаў з боку многіх жыхароў Ганконгу, які брытанцы вярнулі пад кіраваньне Пэкіну ў 1997 годзе. Актывісты сабраліся 1 ліпеня на акцыі з нагоды 23-х угодкаў перадачы сувэрэнітэту. Такія выступы праходзяць штогод. Але сёлета пракітайскія ўлады Ганконгу масавыя мітынгі і шэсьці забаранілі, спаслаўшыся на карантынныя захады з прычыны каранавіруснай пандэміі. Нельга зьбірацца больш за 50 чалавек.

Пры разгоне дэманстрантаў паліцыянты выкарысталі вадзяныя гарматы і сьлезацечны газ, адзначае Бі-Бі-Сі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША жорстка адрэагавалі на ўхвалены Пэкінам «ганконскі закон» 

Закон аб нацыянальнай бясьпецы прадугледжвае пакараньні аж да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі за тэрарызм, сэпаратызм, змову з замежнымі сіламі і падрыў дзяржаўнай улады.

Сярод многіх, хто асудзіў папраўкі, — праваабарончыя арганізацыі, Вялікая Брытанія і Злучаныя Штаты. «Кітай абяцаў 50 гадоў волі жыхарам Ганконгу, а насамрэч даў ім толькі 23», — заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.