У менскім водаправодзе непрыемны пах зьнік, але піць ваду яшчэ нельга

Менчукі набіраюць ваду з бочкі

Непрыемны пах з сыстэмы водазабесьпячэньня ўдалося вывесьці, але забарона на выкарыстанне вады для піцьця пакуль ня зьнятая. Пра гэта паведамляе «Менскводаканал».

На сайце прадпрыемства таксама апублікавалі вынікі ранішніх пробаў вады, а таксама тыя, якія браліся напярэдадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія ўлады не змаглі высьветліць крыніцы маштабнага забруджваньня пітной вады

«Каманда менскага водаканалу працавала ў бесьперапынным рэжыме, каб вывесьці з сыстэмы водазабесьпячэньня непрыемны пах. Вынікі дасьледаваньняў за ноч сьведчаць, што нам гэта ўдалося. Па ўсіх паказьніках якасьці, згодна з дадзенымі акрэдытаванай лябараторыі УП „Менскводаканал“, вада ў разьмеркавальнай сетцы сталіцы адпавядае санітарным правілам і нормам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пры гэтым на прадпрыемстве паведамляюць, што вада прыдатная для тэхнічнага выкарыстаньня, але не для піцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вада ў Менску: Генэральная пракуратура пачала праверку паводле скаргаў менчукоў

«У найбліжэйшы час мы спадзяёмся, што забарона на выкарыстаньне водаправоднай вады для піцьця будзе зьнятая пасьля пацьверджаньня яе якасьці Менскім гарадзкім цэнтрам гігіены», піша «Менскводаканал».

Установа дае нумары тэлефонаў для неадкладнага рэагаваньня, калі ўзьнікаюць прэтэнзіі да якасьці вады: агульны 115 або менскія гарадзкія нумары 389 40 90 і 389 40 51.