Баскетбаліст зборнай Беларусі: Аляксандар Рыгоравіч — вы ня мой прэзыдэнт

Менск, 19 чэрвеня

Беларускі баскетбаліст, які выступае за клюб «Спартак» (Санкт-Пецярбург) і зборную Беларусі, Мікіта Мешчаракоў, выказаўся ў сваім Інстаграме пра падзеі ў Беларусі і стаўленьне да кіраўніка краіны.

Спачатку Мешчаракоў апублікаваў два дні таму на сваёй старонцы знак прэзыдэнцкай кампаніі Віктара Бабарыкі — сэрца. Сёньня ён дадаў туды здымак палітыка і напісаў:

«Гульня бяз правілаў... кандыдатаў садзяць за краты, людзям затыкаюць раты. Гэта — не Беларусь будучыні. Аляксандар Рыгоравіч — вы ня мой прэзыдэнт».

Мешчаракоў гуляе за зборную Беларусі па баскетболе з 2009 года. Выступае на пазыцыі лёгкага форварда. У 2019 годзе ён заваяваў бронзавы мэдаль Эўрапейскіх гульняў у складзе зборнай Беларусі па баскетболе 3×3.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка лідэра ФК «Дынама Менск»: «Хай мяне расстраляюць, не хачу жыць у такой краіне»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» расказаў пра зьбіцьцё журналістаў міліцыяй