Ва Ўкраіне ад каранавірусу памёр пацыент, які вярнуўся зь Беларусі пасьля перасадкі ныркі

Ілюстрацыйнае фота. Мэдработнік дэзінфікуе машыну хуткай дапамогі пасьля хворага на каранавірус

Лекары мяркуюць, што ён мог заразіцца ў Беларусі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У Жытоміры памёр 55-гадовы ўкраінец, у якога на наступны дзень пасьля вяртаньня зь Беларусі, дзе яму перасадзілі нырку, дыягнаставалі COVID-19.

«Пацыент вярнуўся 3 чэрвеня зь Беларусі пасьля перасадкі ныркі, 4 чэрвеня адчуў сымптомы захворваньня, быў шпіталізаваны і знаходзіўся на стацыянарным лекаваньні. Быў станоўчы PCR-тэст, і, на жаль, ён памёр у ноч на 14 чэрвеня», — паведаміў кіраўнік упраўленьня аховы здароўя Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Мікола Сусьлік.

У Жытомірскім абласным лябараторным цэнтры пацьвердзілі, што ў пацыента быў дыягнаставаны COVID-19. «Мы толькі дасьледуем матэрыялы тэстаў. Расьсьледаваньнем шляху інфікаваньня не займаемся», — сказаў Свабодзе прадстаўнік цэнтру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякага спаду няма і бліжэйшым часам ня будзе», — каардынатар кампаніі #ByCovid19, які перахварэў на каранавірус

У першай гарадзкой лякарні Жытоміру, куды шпіталізавалі пацыента, Свабодзе паведамілі, што таксама не расьсьледуюць шлях інфікаваньня памерлага:

«Пры паступленьні пацыентаў мы зьбіраем эпідэмічны анамнэз — з кім кантактаваў, куды езьдзіў, дзе знаходзіўся. Гэты пацыент сам паведаміў, што вярнуўся зь Беларусі пасьля трансплянтацыі. У ягонай сям’і не было нікога з каранавірусам. Таму мы мяркуем, што хутчэй за ўсё ён інфікаваўся ў Беларусі. Але ня можам гэта сьцьвярджаць на 100 адсоткаў».

Прадстаўнік адміністрацыі жытомірскай лякарні таксама паведаміў, што інфармацыю аб сьмерці пацыента беларускім калегам не перадавалі:

«Мы накіроўваем адпаведныя лісты толькі ва ўкраінскія ўстановы. За межы не адпраўляем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызналі яшчэ сем сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 18 чэрвеня

Міністэрства здароўя Ўкраіны не інфармавала беларускі бок пра гэты выпадак. Там удакладнілі, што цягам апошняга месяца коштам дзяржаўных праграмаў у Беларусь на апэрацыі перасадкі органаў накіравалі 10 украінцаў:

«Пацыенты, на жаль, ня могуць адмовіцца ад перасадак у Беларусі. Гэта ж працяглы працэс — падрыхтоўка да апэрацыі, пошук донара.... Гэта пытаньне жыцьця для тых, каму патрэбная перасадка».

Беларусь афіцыйнымі дакумэнтамі ўкраінскага міністэрства ўнесьлі ў пералік краін так званай «чырвонай зоны» зь вялікім пашырэньнем каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ