Прэзыдэнт ЗША ўхваліў вывад зь Нямеччыны 10 тысяч вайскоўцаў. Частка пераедзе ў Польшчу

Амэрыканскія вайскоўцы

Колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Нямеччыне будзе скарочаная да 25 тысяч, бо Бэрлін ня выканаў абавязаньняў у фінансаваньні NATO, заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп..

Разьмяшчэньне вайскоўцаў у Нямеччыне прыносіць ЗША «велізарныя выдаткі», дадаў Дональд Трамп. Ён удакладніў, што цяпер на тэрыторыі гэтай краіны знаходзяцца больш за 50 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў стрымана рэагаваць на вучэньні NATO і спытаў, ці ўсе здаровыя ў арміі

Раней кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Мас заявіў, што калі дойдзе да частковага вываду амэрыканскіх войскаў, Бэрлін прыме гэта да ведама.

«Мы цэнім дзесяцігодзьдзі супрацоўніцтва з узброенымі сіламі ЗША. Гэта ў інтарэсах нашых дзьвюх краін», — цытуе яго Deutsche Welle.

У сваю чаргу, нямецкія парлямэнтары крытычна выказаліся аб частковым вывадзе амэрыканскіх войскаў.

«У Нямеччыне радыя амэрыканскім салдатам, іх разьмяшчэньне ў нас вельмі важнае для каардынацыі міжнароднага вайсковай прысутнасьці ЗША», — заявіў кіраўнік камітэту замежных справаў Бундэстагу Норбэрт Рэтген, падкрэсьліўшы, што ня бачыць аб’ектыўных прычынаў для такога кроку з боку Вашынгтону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Чэрчыля да Трампа: Як мянялася NATO за 70 гадоў

Мяркуецца, што да верасьня Нямеччыну пакінуць блізу 10 тысяч амэрыканскіх салдатаў і афіцэраў. Частку перадысьлякуюць на тэрыторыі хаўрусьнікаў, у тым ліку ў Польшчу, іншыя вернуцца дадому.