Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў стрымана рэагаваць на вучэньні NATO і спытаў, ці ўсе здаровыя ў арміі


Вайсковец NATO
Вайсковец NATO

Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Андрэя Раўкова, міністра абароны Віктара Хрэніна і начальніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Ўзброеных сіл Паўла Ціханава.

Як паведамляе БелТА, Лукашэнка сабраў сілавікоў, каб абмеркаваць пытаньні, якія тычацца стану спраў у беларускай арміі, а таксама адрэагаваць на вучэньні войскаў Паўночна-Атлянтычнага альянсу Defender Europe 2020 ва Ўсходняй Эўропе.

Манэўры мусілі стаць найбуйнейшымі, пачынаючы ад 1995 году. Аднак праз каранавірус у сцэнар былі ўнесеныя істотныя карэктывы. Так, амэрыканскія сілы вярнуліся на свае базы, новыя ўдзельнікі на месцы збораў не прыбываюць. Тым часам каранавірус пацьвердзіўся ў дзесяці вайскоўцаў міжнароднага батальёну, дысьлякаванага ў Літве.

Тым ня меней Аляксандар Лукашэнка загадаў падначаленым «быць пільнымі».

«Я не хацеў бы, каб гэта ўспрымалі як бразганьне зброяй з нашага боку. Мы на сёньняшні дзень вучэньні NATO, якія праводзяцца ў непасрэднай блізкасьці ад нашых межаў, так не ўспрымаем. Яшчэ і таму, што яны значна адступілі ад сваіх першапачатковых плянаў. Думаю, выведка даложыць, якая там сытуацыя, і мы зробім далейшыя крокі ў рэагаваньні на тое, што адбываецца», — адзначыў Лукашэнка, запэўніўшы, што беларускі бок справіцца зь любымі выклікамі.

«Не павінна быць ніякай надзвычайшчыны, — заявіў Лукашэнка. — Я яшчэ летась даручаў, каб мы выпрацавалі адэкватныя меры рэагаваньня. Гэта, урэшце, і грошы. Таму празьмернага быць не павінна. Трэба гэта неяк супаставіць і ўплесьці ў тую тканку працы арміі, якая сёньня існуе. Паказухі быць не павінна».

Лукашэнка таксама пацікавіўся здароўем асабістага складу Ўзброеных сілаў на фоне «псыхозу» з каранавірусам.

На сайце Міністэрства абароны Беларусі даецца справаздача, што на 230-м агульнавойсковым палігоне беларускія вайскоўцы прыступілі да адпрацоўкі «вучэбна-баявых задач».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG