У доме меркаванага сябра Лукашэнкі ў Армэніі прайшлі ператрусы

Нікол Пашыньян і Гагік Царукян на адкрыцьці керамічнага заводу, лістапад 2019

Супрацоўнікі Службы нацыянальнай бясьпекі Армэніі 14 чэрвеня правялі ператрусы ў асабняку лідэра другой паводле вялікасьці фракцыі ў парлямэнце краіны, кіраўніка партыі «Квітнеючая Армэнія», аднаго з найбагацейшых людзей краіны Гагіка Царукяна.

Да рэзыдэнцыі Царукяна ў пасёлку Арындж пад Ерэванам прыбылі некалькі сотняў яго прыхільнікаў, уключна з усімі дэпутатамі яго парлямэнцкай фракцыі. Яны перакананыя, што ператрусы зьяўляюцца палітычным перасьледам з боку ўладаў, справакаваным тым, што 5 чэрвеня на сходзе партыі Гагік Царукян абвінаваціў урад Нікола Пашыньяна ў правале ва ўсіх сфэрах дзейнасьці і заявіў, што ўрад ня здолеў ажыцьцявіць рэформы ў эканоміцы, а таксама пацярпеў поўную няўдачу ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Царукян таксама сказаў, што ўрад варта неадкладна замяніць «на 100 адсоткаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Армэніі заразіўся каранавірусам

У сваю чаргу, улады заявілі аб тым, што заявы Царукяна відавочна завязаны зь яго занепакоенасьцю ў сувязі з шэрагам крымінальных справаў, у якіх фігуруе лідэр партыі.

Пасьля ператрусаў у ягоным доме Гагік Царукян быў дастаўлены ў СНБ «для гутаркі». Паводле некаторых зьвестак, пакуль ён праходзіць па справе ў якасьці сьведкі, аднак сытуацыя можа змяніцца ў любую хвіліну.

Некалькі сотняў прыхільнікаў Царукяна сабраліся таксама каля будынка СНБ у цэнтры Ерэвану. Сюды былі сьцягнутыя вялікія сілы паліцыі і спэцназу, якія ўжылі сілу. Затрымана каля сотні прыхільнікаў Царукяна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Беларусі трапіла ў карупцыйны скандал у Армэніі — СМІ

Паводле армянскіх СМІ, Гагік Царукян, з домам якога мяжуе беларуская амбасада, лічыцца сябрам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі неаднаразова сустракаўся зь ім у Армэніі і нават прысутнічаў на асьвячэньні царквы, пабудаванай на грошы алігарха.

У 2010 годзе, калі ў Ерэване пачаў працу армяна-беларускі цэнтар аптовага гандлю, на Ерэванскім каньячным заводзе Царукян заклаў у гонар Колі Лукашэнкі 400-літровую бочку каньяку. Бочка чакае, калі Коля стане дарослым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каньяк для Колі чакае свайго часу


У верасьні 2013 году Лукашэнка ўзнагародзіў Царукяна беларускім ордэнам Дружбы народаў, а ў кастрычніку 2016 году Царукян падараваў 12-гадоваму сыну Лукашэнкі Мікалаю чатырох белых паўночнаафрыканскіх ільвянятаў.