На восень заплянаваны візыт у Беларусь прэзыдэнта Ўкраіны, калі не перашкодзіць каранавірус 

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак у Менску абмеркаваў з сваім беларускім калегам Ігарам Сергеенкам плянаваны візыт Уладзіміра Зяленскага ў Беларусь. ​

Пра гэта паведаміў афіцыйны сайт украінскага лідэра. Візыт папярэдне заплянаваны на кастрычнік 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паслаў Зяленскаму вышыванкі і напісаў пра абарону права на самастойнасьць

«Бакі выказалі надзею, што эпідэмічная сытуацыя не перашкодзіць удзелу прэзыдэнтаў дзьвюх краін у трэцім Форуме рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які пройдзе ўвосень у Горадні. Суразмоўцы адзначылі добрую дынаміку таваразвароту паміж краінамі і выказалі надзею, што пандэмія каранавірусу не акажа нэгатыўнага ўплыву на двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва», — адзначаецца ў заяве.

У складзе дэлегацыі, акрамя Андрэя Ермака, таксама быў міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран, які сустрэўся з кіраўніком абароннага ведамства Беларусі Віктарам Хрэніным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У жылах цячэ ня кроў, а свабода». Зяленскі сказаў, чым украінцы адрозьніваюцца ад беларусаў і расейцаў

На 9 жніўня ў Беларусі заплянаваныя выбары прэзыдэнта. Хада цяперашняй кампаніі адрозьніваецца ад папярэдніх, у выніку якіх Цэнтральная выбарчая камісія нязьменна абвяшчала перамогу Аляксандра Лукашэнкі.

Этап збору подпісаў суправаджаецца затрыманьнямі, судовымі працэсамі і ператрусамі ў жыльлі і офісах апанэнтаў кіраўніка Беларусі.