Жонка Статкевіча заявіла пра зьдзекі ў турме на Акрэсьціна, дзе не прымаюць перадач

Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч

Марына Адамовіч, жонка затрыманага палітыка Міколы Статкевіча, паспрабавала запісацца на асабісты прыём да начальніка ГУУС Менгарвыканкаму, генэрала-маёра Івана Кубракова. 12 чэрвеня ў яго прыёмны дзень.

«З улікам таго пекла, у якім апынуліся нашыя блізкія і сябры ў 30-35- градусную сьпёку ў невэнтыляваных памяшканьнях Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, бяз масак і вады, неабходна апэратыўна прыпыніць зьдзекі. Ды чаго там, катаваньні!», — напісала яна ў Facebook.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевічу, Урбановічу, Вінярскаму — 15 сутак. Удзельнікаў пікетаў асудзілі за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы»

Паводле яе, на ўказаны для запісу нумар пашчасьціла датэлефанавацца зь першага разу, але на тым «шанцаваньне» скончылася. Прапанавалі запісацца на сярэдзіну ліпеня. Генэрал прымае «хадакоў» толькі раз на месяц, а ўсе чэрвеньскія квоты вычарпаныя.

У якасьці замены ёй прапанавалі сустрэчу зь ягоным намесьнікам, куратарам турмы на Акрэсьціна, 25 чэрвеня — праз два тадні, калі тэрмін зьняволеньня для Статкевіча ды іншых актывістаў ужо скончыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У турму на Акрэсьціна перасталі прымаць перадачы. Нібыта праз каранавірус

Плюс да ўсяго, са спасылкай на карантынныя захады адміністрацыя ЦІП адмаўляеца прымаць для зьняволеных перадачы.

«Некалі я ўжо рабіла спробы „прарвацца“ ў ГУУС ва неўстаноўлены для народу час. Мабыць, на Акрэсьціна трапіць у якасьці кліента ў разы лягчэй, чым да міліцэйскіх начальнікаў», — адзначыла Марына Адамовіч.