Народны дэпутат Украіны ад партыі «Голас» Святаслаў Вакарчук абвясьціў аб складаньні дэпутацкага мандата. Ён сказаў пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 11 чэрвеня.
«Сёньня я зарэгістраваў заяву аб складаньні паўнамоцтваў народнага дэпутата Ўкраіны. Яна зарэгістраваная і, спадзяюся, у найбліжэйшы час будзе належным чынам разгледжаная. Хачу адзначыць, што гэтае рашэньне ніякім чынам не азначае, што я спыняю сваю палітычную дзейнасьць або, ня дай Бог, спыняю сваю дзейнасьць у партыі „Голас“. Мы ёсьць і будзем адной камандай. У нас наперадзе грандыёзныя пляны», — сказаў Вакарчук.
Каб даць канцэрт у Менску, Вакарчук прапусьціў паседжаньне Вярхоўнай Рады. На «Менск-арэне» быў аншляг. Фотарэпартаж
Ён таксама дадаў, што ў ягоных плянах «вялікі адукацыйны праект».
Вакарчук адзначыў, што лічыць сваю місію «часткова выкананай». «Мы прывялі выдатную фракцыю ў парлямэнт», — сказаў Вакарчук.
Ён таксама заявіў, што апошнія тры гады на яго «ўвесь час спрабуюць ліць інфармацыйнае дзярмо, гразь, нэгатыў». «Гэта на мяне ня дзейнічае, і гэта зьявілася тады, калі ў чыімсьці паранаідальным уяўленьні зьявілася думка пра тое, што я буду балятавацца ў прэзыдэнты», — дадаў дэпутат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр гурту «Океан Ельзи» больш не ўзначальвае партыю «Голас»У сакавіку Вакарчук пакінуў пасаду старшыні партыі «Голас», але запэўніў, што як лідэр будзе працягваць разьвіваць партыю.
Партыя «Голас», створаная фронтмэнам рок-гурту «Акіян Эльзы» Святаславам Вакарчуком, атрымала 20 мандатаў па выніках пазачарговых парлямэнцкіх выбараў, праведзеных у ліпені 2019 году. Сам ён быў першым нумарам у сьпісе партыі.
На парлямэнцкіх выбарах 2007 году Вакарчук быў выбраны ў Вярхоўную Раду па сьпісах блёку «Наша Украіна — Народная самаабарона». У верасьні 2008 году ён падаў заяву аб складаньні дэпутацкіх паўнамоцтваў, праз тры месяцы парлямэнт пазбавіў яго мандата. За той час працы ў Радзе Вакарчук не падаў ніводнага законапраекту.