Міністэрства працы Беларусі: даходы за травень індэксавацца ня будуць

Грашовыя даходы, вызначаныя ад базавай велічыні і базавай стаўкі, за травень iндэксацыi не зазнаюць, спасылаецца БелаПАН на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Як растлумачылі ў ведамстве, гэта зьвязана з тым, што індэкс спажывецкіх цэнаў за травень не перавысіў 5-працэнтнага парогу да студзеня 2020 году — месяцу перагляду базавай велічыні і базавай стаўкі. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, спажывецкія цэны за травень вырасьлі на 2,3% у параўнаньні са студзенем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за мяжой беднасьці знаходзіцца больш за 400 тысяч чалавек. Які рэгіён лідэр у бедняках

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны таксама інфармуе, што бюджэт пражытковага мінімуму быў павышаны 1 траўня, таму грашовыя даходы, вызначаныя ад гэтага сацыяльнага нарматыву, індэксацыі таксама не падлягаюць.

Не мяняецца і вызначаная 1 студзеня мінімальная заработная плата, якая складае 375 рублёў за месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьвярнулася ў Сусьветны банк па пазыку на павышэньне выплат беспрацоўным

Насельніцтву, якое атрымлівае даходы на тэрыторыі Беларусі зь іншых крыніц, кампэнсацыя стратаў ад інфляцыі ажыцьцяўляецца па падставах, прадугледжаных калектыўнымі дамовамі.