Музычны партал «Тузін гітоў» спыніў дзейнасьць пасьля 17 год працы

Украінскі сьпявак Алег Скрыпка на прэзэнтацыі праекту «Перазагрузка-2», 2011 год

Музычны партал «Тузін гітоў» спыняе дзейнасьць пасьля 17 гадоў працы, паведаміў 9 чэрвеня на Facebook заснавальнік гіт-параду Сяргей Будкін.

Раней на партале Tuzinfm.by рэгулярна абнаўляўся гіт-парад беларускай музыкі, публікаваліся новыя песьні і кліпы. Апошні тур гіт-параду завершыўся 28 лістапада 2019 году. Ці застанецца сайт у «закансэрваваным» выглядзе, Будкін ня ўпэўнены — на ўтрыманьне патрэбныя грошы.

Ад брэнду «Тузіна гітоў» Будкін не адмаўляецца: працягне рабіць тэлепраект Belsat Music Live (які вядзе разам зь Мірай Шульц) і перадачу «Радыё Тузін» (выходзіць на «Радыё Рацыя» зь вядоўцам Алегам Хаменкам), а таксама конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай» (які ладзіць супольна з фондам «Вяртаньне»).

Таксама Будкін абяцае займацца іншымі музычнымі і адукацыйнымі праектамі, выпускаць альбомы і самотнікі беларускіх выканаўцаў у інтэрнэце. Першы рэліз ужо апублікаваны: альбом песень праекту «НЕрасстраляныя» зь песьнямі скчасных выканаўцаў на вершы беларускіх паэтаў, рэпрэсаваных у 1930-я. Неўзабаве Будкін абяцае і выдаць кнігу з матэрыяламі праекту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму Корж зьбірае стадыёны, а не запіша нават песьні па-беларуску?» Шчырая размова з музычным экспэртам Сяргеем Будкіным
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тузіну» — 15. Як стварыць найбуйнейшы музычны партал Беларусі насуперак усяму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаўся інтэрнэт у Беларусі — і што зь ім стала. 15 важных датаў