Беларускія ўлады разгледзелі магчымыя варыянты пляцовак для будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музэю і прыйшлі да высновы, што аптымальны варыянт — разьмясьціць яго каля цяперашняга будынка музэю на вуліцы Карла Маркса, паведамляе Tut.by.
Дзеля гэтага прапануюць рэканструяваць і рэстаўраваць некаторыя суседнія будынкі і стварыць у гэтым раёне цэлы музэйны квартал. Рашэньне мае ўхваліць Аляксандар Лукашэнка, які, паводле інфармацыі БелТА, сёньня размаўляў на гэтую тэму з кіраўніком Менскага гарвыканкаму Анатолем Сіваком.
Цяперашні будынак на вуліцы Карла Маркса, у якім месьціцца музэй, занадта цесны. Ідэю збудаваць новы выказаў у 2017 годзе тагачасны кіраўнік Менскага гарвыканкаму Андрэй Шорац. Аляксандар Лукашэнка санкцыянаваў узьвядзеньне новага будынка музэю насупраць стэлы на праспэкце Пераможцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўны нонсэнс». Гістарычны музэй з цэнтру Менску хочуць перанесьці на ўскраінуУвесь мінулы год ішлі праектныя працы, але потым гарадзкія ўлады вырашылі разгледзець яшчэ некалькі пляцовак, каб знайсьці найлепшую. Сярод варыянтаў — пабудаваць музэй у раёне Даўгінаўскага тракту на поўначы Менску або ў ваколіцах цяперашняга будынка музэю на вуліцы Карла Маркса.
Разгледзеўшы ўсе варыянты, спэцыялісты прыйшлі да высновы, што для максымальнай турыстычнай прывабнасьці аптымальным будзе разьмясьціць музэй у межах вуліц Маркса — Камсамольскай — Кірава.