Вайцюшкевіч і 50 беларусаў прасьпявалі онлайн-хорам гіт «Я нарадзіўся тут». ВІДЭА

Грамадзкая кампанія «Годна» разам зь лідэрам «Сьпеўнага сходу» і гурту Vuraj Сяргеем Доўгушавым распачала музычны праект «Сьпяваем годна» — штотыдзень абяцаюць выдаваць кліпы, у якіх звычайныя беларусы сьпяваюць «знакавыя беларускія песьні» разам зь іх выканаўцамі.

Першымі музыкамі, якія паўдзельнічалі ў праекце, сталі Зьміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі. Запіс з Вольскім песьні «Паветраны шар» абяцаюць выдаць на наступным тыдні, а відэа з Вайцюшкевічам апублікавалі ўжо 1 чэрвеня.

Зьміцер Вайцюшкевіч разам з 50 беларусамі з розных гарадоў Беларусі і іншых краін выканалі песьню «Я нарадзіўся тут» з аднайменнага праекту 2000 году.

За той праект Алесь Суша атрымаў галоўную ўзнагароду «Рок-каранацыі» 2001 году. У 2017 годзе Вайцюшкевіч «пераасэнсаваў» загалоўную песьню з рэпэрамі Belaroots.

У наступных запісах запрашаюць удзельнічаць усіх ахвотных — для гэтага трэба толькі далучыцца да чату праекту ў Telegram. Сяржук Доўгушаў будзе публікаваць у тым чаце інструкцыі пра новыя песьні, а таксама парады, як правільна граць і сьпяваць.

На падтрымку праекту зьбіраюць грошы праз сайт Molamola.by — каб праект стаў рэгулярным, трэба сабраць 5 тысяч рублёў.

«А калі скончыцца пандэмія каранавірусу, то арганізатары праекту хочуць сабраць ягоных удзельнікаў і гледачоў, каб ужо ў жывым фармаце нарэшце разам засьпяваць гучна і годна», — гаворыцца ў апісаньні кліпа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольскі пра новы альбом і пандэмію: «Нават тыя, хто абагаўляе ўладу, ня вераць яе лічбам»