Кампанія салідарнасьці зь беларускім прафсаюзным актывістам, звольненым нямецкай фірмай, ахапіла 120 краінаў

Схема калійнага камбінату ў Любанскім раёне

Пашыраецца кампанія салідарнасьці з патрабаваньнем аднаўленьня на працы старшыні прафсаюзнай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалая Валадзько.

На плятформе LabourStart у падтрымку беларускага актывіста выступілі амаль 5 тысяч ягоных калегаў са 120 краін сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улада ўсё робіць, каб сацыяльны выбух стаў рэальнасьцю, — прафсаюзны лідэр

Грамадзкасьць патрабуе ад кіраўніцтва нямецкай кампаніі Redpath Deilmann, якая працуе на будаўніцтве шахты «Слаўкалія», неадкладна аднавіць зь ім працоўныя адносіны, правесьці атэстацыю працоўных месцаў і рэалізаваць усе захады дзеля аховы і бясьпекі працы ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі беларускага заканадаўства.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), якая далучылася да кампаніі, у сваёй заяве піша, што лічыць ганебным для замежнай кампаніі, якая паходзіць з дэмакратычнай краіны, звальненьне з працы чалавека, які дамагаўся лепшых умоваў працы — дадатковых ільготаў і гарантый для сябраў незалежнага прафсаюзу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітычная пандэмія». Незалежныя прафсаюзы патрабуюць дапамогі найбольш уразьлівым групам 

Актывісты заклікаюць амбасаду Нямеччыны, нямецкія сродкі масавай інфармацыі, а таксама нямецкіх сацыял-дэмакратаў паўплываць на сытуацыю, якая адмоўна ўплывае на імідж ня толькі кампаніі Redpath Deilmann, а і нямецкай дзяржавы ў цэлым.

Днямі суд Любанскага раёну адмовіў былому супрацоўніку Redpath Deilmann у задавальненьні пазову аб аднаўленьні на працы. Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў у зьвязку з гэтым заявіў, што такое рашэньне — вынік 20-гадовых дзеяньняў улады, скіраваных на ператварэньне беларускіх працоўных у «бяспраўных нявольнікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку адзяржаўленыя прафсаюзы?

Сам Мікалай Валадзько перакананы, што прычынай непрацягненьня тэрміновай працоўнай дамовы стала ягоная актыўная прафсаюзная дзейнасьць.