Расейская прэмія захавае імя аўтара Чабурашкі, хоць дачка абвінаваціла пісьменьніка ў хатнім гвалце

Эдуард Усьпенскі

Расейская дзяржаўная дзіцячая бібліятэка ня будзе прыбіраць імя Эдуарда Усьпенскага з прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры, нягледзячы на просьбу дачкі, якая пасьмяротна абвінаваціла пісьменьніка ў хатнім гвалце. Пра гэта заявіла дырэктарка бібліятэкі Марыя Ведзяняпіна.

Бібліятэка не разглядае асабістыя якасьці пісьменьнікаў, а толькі іх унёсак у літаратуру, сказала яна. «Калі мы пачнём з гэтых пазыцый разглядаць усіх, чыім імем называюць прэміі ці яшчэ нешта, мы закапаемся ва ўсіх чалавечых пэрыпэтыях», — адзначыла Ведзяняпіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратары на карантыне: Вольга Гапеева і «неапазнаныя душы».

Раней Тацьцяна Усьпенская напісала адкрыты ліст, у якім папрасіла не называць прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры імем бацькі. У лісьце яна абвінаваціла бацьку ў хатнім гвалце. «Мой тата — тыран», — напісала яна.

«Гэта быў фізычны, псыхалягічны, эмацыянальны гвалт, які пастаянна паўтараўся ў адносінах да мяне, ягонай дачкі; маёй маці, ягонай жонкі; ягоных унукаў; дзяцей другой жонкі. На няшчасьце, грубасьць і хамства, кантроль і прымус паступова сталі нормай яго жыцьця», — гаворыцца ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра джазмэна Эдзі Рознэра, які зрабіў зь Беларусі джазавую рэспубліку

Тацьцяну Усьпенскую падтрымаў дзіцячы пісьменьнік Валянцін Посьнікаў. «Нельга называць прэмію імем чалавека, які не любіў дзяцей. Ён біў сваю дачку Таню, абражаў, выганяў на мароз у адной сукенцы і зачыняў за ёю дзьверы», — сказаў ён.

Эдуард Усьпенскі (1937–2018) — адзін з самых папулярных савецкіх і расейскіх дзіцячых пісьменьнікаў. Ён аўтар пэрсанажаў кракадзіла Гены і Чабурашкі, ката Матроскіна і паштальёна Печкіна і іншых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «Союзмультфильм» хоча забраць у Японіі правы на Чабурашку