Альбанія і Чарнагорыя ў сярэдзіне чэрвеня ўжо чакаюць беларусаў

Чарнагорыя, ілюстрацыйнае фота

Турфірмы ўжо ў чэрвені гатовыя адправіць беларусаў на адпачынак на мора, нягледзячы на ўсе выклікі і пандэмію каранавірусу, Ужо 12 чэрвеня зь Менску можна паляцець у Альбанію, а з 16 чэрвеня — у Чарнагорыю. Свабода высьвятляла, якія яшчэ курорты гатовыя прыняць беларусаў.

Дзяржавы Эўразьвязу з пачатку чэрвеня паступова здымаюць забароны, адкрываюць межы. Да прыкладу, у сярэдзіне чэрвеня зь Менску пачынаюць аднаўляцца чартэрныя праграмы, якія ажыцьцяўляе кансалідаваны перавозчык — беларускі турапэратар «Аэратрэвэл».

«Белавія» аднаўляе чартэры на курорты

Рэйсы зь Менску ў альбанскую Тырану будуць адбывацца па аўторках і пятніцах, пачынаючы з 12 чэрвеня.

Чарнагорыя — першая краіна ў Эўропе, якая цалкам перамагла каранавірус. З агульных 324 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі толькі 9 скончыліся сьмерцю пацыентаў, 315 чалавек выздаравелі. Карантын пачалі зьмякчаць 4 траўня, гатэлі і пляжы адкрылі 18-га. А 24 траўня краіна абвясьціла, што не зарэгістравана ніводнага новага выпадку каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарнагорыя першая ў кантынэнтальнай Эўропе пазбавілася ад каранавірусу

Чарнагорыя для краін-суседзяў адкрыецца з 1 чэрвеня, для беларусаў — з 16 чэрвеня. Авіярэйсы ў Ціват адбудуцца 16, 19, 20 чэрвеня і далей па графіку. Дзевяць курортаў рознай цэнавай катэгорыі і гатэлі ад трох да пяці зорак гатовыя прымаць беларусаў, паведамілі ў «Аэратрэвэле».

З Альбаніяй і Чарнагорыяй у Беларусі бязьвізавы рэжым.

Беларусаў гатовыя прыняць Туніс, Турэччына, Грэцыя, Грузія — з 1 ліпеня

Адзін з пляжаў Грэцыі, ілюстрацыйнае фота

Туніс абвясьціў аб пачатку турыстычнага сэзону з 1 чэрвеня, але пакуль толькі для бліжэйшых суседзяў. Будуць складзены сьпісы краін, якім і калі гатовыя дазволіць уезд.

Лілія Кобзік

«Усе краіны сьвету Туніс падзеліць на 3 эшалёны. Беларусаў тунісцы хочуць прымаць. У нас ня самая драматычная сытуацыя, але і ня самая добрая. У ЗША, Вялікай Брытаніі, Расеі — значна горшая», — кажа экспэртка ў сфэры турызму Лілія Кобзік.

Папулярныя ў беларусаў Турэччына і Грэцыя таксама заяўляюць пра гатоўнасьць прымаць замежных турыстаў. Умоўная дата, якая намечаная гэтымі краінамі, — 1 ліпеня.

«Шмат якім краінам не выпадае перабіраць, бо курортны сэзон даволі кароткі: 3–4 месяцы. Мы чакаем абноўленага сьпісу краін, якія хочуць прымаць турыстаў — ці будзем мы ў гэтых сьпісах і якія будуць патрабаваньні. Бо спачатку была інфармацыя, што грэкі будуць патрабаваць ад усіх турыстаў даведкі пра тэсты. А потым яны перадумалі — маўляў, нічога ня трэба», — кажа рэдактарка парталу toursoyuz.by Лілія Кобзік.

Грузія дакладна абазначыла дату — 1 ліпеня краіна адкрывае межы для ўязных турыстаў. На гэтым тыдні амбасадар Грузіі ў Беларусі паабяцаў паведаміць больш канкрэтны плян — як гэта будзе. Грузіны нібыта ўжо маюць сьпісы краін, зь якіх яны гатовыя прымаць турыстаў, і беларусы — чаканыя госьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэнген падчас пандэміі: куды ўжо можна зьвяртацца беларусам

Найбліжэйшае Балтыйскае мора пакуль пад пытаньнем

Што тычыцца суседніх краін — Польшчы і Літвы, пакуль пэўнасьці няма. Гэтыя краіны ў большай ступені залежаць ад агульнай палітыкі Эўразьвязу.

«Але краіны Эўразьвязу адна за адной абвяшчаюць пра асобныя пляны. Спачатку казалі, што з 15 чэрвеня адкрываюцца межы па зьнешніх контурах. І яны гэта будуць рабіць сынхронна. Але ўжо так не адбылося. Чэхія ў красавіку адкрыла межы, але не для ўсіх. Краіны Балтыі паміж сабой адкрылі межы з 15 траўня. Кожны пайшоў сваім шляхам.

Нам хацелася б, каб адкрылася Паланга і Юрмала — туды ня трэба ляцець. Але дагэтуль няма ніякіх сыгналаў з таго боку», — кажа Лілія Кобзік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія турфірмы атрымалі перадаплату кліентаў на 400 млн рублёў. Вярнуць іх нерэальна

Асьцярожны аптымізм: пакуль турбізнэс рыхтуецца да лепшага

Пакуль яшчэ ня ўсе пытаньні вырашаныя, бо дагэтуль турбізнэс яшчэ не сутыкаўся з пандэміяй. Узьнікае шэраг пытаньняў: а што будзе, калі чалавек захварэе за пару дзён да вылету ці адразу па прылёце? Рэдактарка парталу toursoyuz.by Лілія Кобзік кажа, што схемы і пратаколы ўжо прадумваюцца.

«Ужо выпрацоўваюцца варыянты: калі хто захварэе за пару дзён да паездкі — турфірма ўсё верне. І грэкі, і чарнагорцы, і тунісцы, і баўгары абяцаюць — будзе люфт 72 гадзіны.

Калі турыст захварэе па прылёце — абяцаюць асобныя гатэлі для бессымптомных. Калі сымптомы ёсьць — чалавека трэба вярнуць на радзіму. Але пакуль турбізнэс рыхтуецца да лепшага — што другой хвалі ня будзе», — спадзяецца Лілія Кобзік.

25 траўня Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый зьвярнуўся да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка з просьбай патлумачыць некаторыя пытаньні выязнога, уязнога і ўнутранага турызму.

Многія краіны ўжо распрацавалі пратаколы, згодна зь якімі турыстычная галіна будзе функцыянаваць пасьля адкрыцьця межаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі турбізнэс зьвярнуўся да міністра здароўя па тлумачэньні, як працаваць падчас пандэміі

У прыватнасьці, для кампаній, якія займаюцца выязным турызмам, актуальнае пытаньне, ці можна будзе арганізаваць правядзеньне тэстаў на COVID-19 і выдачу даведак (на платнай ці бясплатнай аснове, дзяржаўнымі і прыватнымі клінікамі) турыстам, якія едуць у краіны, дзе пры ўезьдзе могуць запатрабаваць даведкі аб адсутнасьці каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ