Дарадца прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Робэрт О’Браен заявіў, што ўтойваньне Пэкінам інфармацыі аб эпідэміі прывяло да шматлікіх ахвяр у ЗША і ва ўсім сьвеце.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Высокапастаўлены супрацоўнік Белага дому ў нядзелю параўнаў дзеяньні Кітаю пасьля ўспышкі каранавірусу з утойваньнем катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Савецкім Саюзам у 1986 годзе.
О’Браен заявіў, што Пэкін зь лістапада ведаў, што адбывалася зь вірусам, які зарадзіўся ва Ўхані, але хлусіў САЗ і не дазваляў замежным экспэртам атрымаць доступ да інфармацыі.
«Яны выпусьцілі ў сьвет вірус, які зьнішчыў трыльёны даляраў амэрыканскага эканамічнага дабрабыту, якія нам даводзіцца траціць, каб захаваць нашу эканоміку, каб утрымаць амэрыканцаў на плыву падчас гэтай эпідэміі», — заявіў О’Браен, выступаючы ў праграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC.
«Іх намаганьні ва ўтойваньні вірусу ўвойдуць у гісторыю разам з Чарнобылем. Мы яшчэ ўбачым сэрыял на НВО, прысьвечаны гэтаму, праз 10-15 гадоў», — дадаў чыноўнік.
«Гэта рэальная праблема, і яна абышлася ў многія тысячы жыцьцяў у Амэрыцы і ва ўсім сьвеце, таму што рэальную інфармацыю не выпускалі. Гэта было ўтойваньне», — заявіў О’Браен, выступаючы ў праграме «Тварам да краіны» на канале CBS.
«Урэшце мы дабярэмся да сутнасьці», — дадаў ён.
- У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выкід радыяактыўных матэрыялаў, які на працягу некалькіх тыдняў прывёў да гібелі дзясяткаў людзей. Дзясяткі тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Масква не сьпяшалася з раскрыцьцём маштабаў катастрофы, якая лічыцца самай страшнай ядзернай аварыяй у гісторыі.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня раз выказваў незадаволенасьць рэакцыяй Кітаю на ўспышку каранавірусу.
- Кітай адпрэчвае выстаўленыя супраць яго абвінавачваньні, а кіраўнік яго дыпляматыі ў суботу абвінаваціў ЗША ў распаўсюджваньні хлусьні і нападах на яго краіну.