Бальніцы ў Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцях, а таксама ўпраўленьне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця атрымаюць грашовую дапамогу на барацьбу з COVID-19, піша «Эўрарадыё».
Дапамогу вылучылі ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна». Агульны бюджэт на тры краіны — 2,9 мільёна эўра. Беларускія ўдзельнікі праекта могуць прэтэндаваць на фінансаваньне ў межах траціны ад гэтай сумы.
Грошы павінны павысіць эфэктыўнасьць працы мэдыцынскага пэрсаналу, дазволяць набыць новае абсталяваньне, правесьці новыя тэсты на каранавірус, а таксама дадуць магчымасьць супрацоўнічаць праз межы дыстанцыйна.
Цяпер бальніцы ўзгадняюць, што ім неабходна і што яны хацелі б закупіць ва ўмовах пандэміі COVID-19. Найбольш папулярныя пазыцыі ў сьпісах: закрытыя дыхальныя сыстэмы, цеплавізары, абсталяваньне і ўпаковачныя матэрыялы для стэрылізацыі, апараты ШВЛ, дэфібрылятары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі і сродкі для індывідуальнай аховы.
Ад Беларусі фінансавую дапамогу атрымаюць:
- Берасьцейскага абласная клінічная больніца;
- Клінічны радзільны дом Менскай вобласьці;
- Жабінкаўская цэнтральная раённая больніца;
- Горадзенская ўнівэрсытэцкая паліклініка;
- Менская абласная клінічная больніца;
- Гарадзкая клінічная больніца хуткай мэдыцынскай дапамогі г. Горадні;
- Берасьцейская абласная дзіцячая больніца;
- Упраўленьне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Берасьця.