«МакДональдс» будзе дастаўляць бясплатныя абеды мэдыкам на працу

«МакДональдс» вырашыў дастаўляць абедныя наборы брыгадам хуткай дапамогі проста на працу, піша Tut.by. Напярэдадні менскім брыгадам хуткай дапамогі забаранілі заяжджаць у рэстаран у працоўны час.

У Віцебску, Гомлі, Берасьці і Магілёве акцыя пакуль праходзіць бязь зьменаў.

Галоўны ўрач менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі Аляксандар Жынко 20 траўня забараніў супрацоўнікам езьдзіць па абеды ў «МакДональдс». Парушальнікаў загаду галоўнага ўрача будуць пазбаўляць надбавак, машыны хуткай дапамогі будуць адсочвацца па GPS-трэкеры, які стаіць у кожнай службовай машыне. У службовай інструкцыі для супрацоўнікаў пазначана, што адхіляцца ад маршруту ў асабістых мэтах яны ня маюць права.

Ад 1 траўня «МакДональдс» задарма выдаваў мэдыкам абедныя наборы, куды ўваходзяць бургер, бульба, напой і піражок.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ