Больш за 60 краін падтрымалі ідэю Аўстраліі пра расьсьледаваньне вытокаў пандэміі каранавірусу
Жанчына на вуліцы расейскага гораду. 15 траўня 2020 году.
Ініцыятыву Аўстраліі і Эўразьвязу аб правядзеньні незалежнага расьсьледаваньня крыніцы каранавірусу ў сьвеце падтрымалі 62 краіны, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на аўстралійскую тэлерадыёвяшчальную карпарацыю АВС.
Падтрымка прагучала напярэдадні асамблеі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), якая адкрываецца ў панядзелак у Жэнэве, і няўхільна расьце, перадае АВС.
Эўрапейскія краіны і Аўстралія аб’ядналі намаганьні ў падтрымку праекту прапановы Эўразьвязу, які заклікае да «бесстароньняй, незалежнай і ўсёабдымнай ацэнкі скаардынаваных САЗ міжнародных захадаў у адказ у галіне аховы здароўя на COVID-19».
У гэтай прапанове канкрэтна ня згадваецца Кітай або горадУхань, дзе, як мяркуюць, пачалася ўспышка хваробы. Тым ня менш, як паведамілі крыніцы ў аўстралійскім ўрадзе, фармулёўкі ў прапанове Эўразьвязу былі дастаткова жорсткія, каб забясьпечыць належнае і дбайнае расьсьледаваньне, хоць яны ўсё яшчэ называюць гэта «першым крокам» да забесьпячэньня празрыстасьці.
Пакуль ні Кітай, ні ЗША не падтрымалі гэтую прапанову. Дыпляматы Эўразьвязу і Аўстраліі ўсё яшчэ працавалі ў нядзелю, каб пераканаць абедзьве буйныя дзяржавы аказаць ім падтрымку.