Палітвязьня Жамчужнага ў калёніі зноў пакаралі: на паўгода зьмясьцілі ў камэру

Міхаіл Жамчужны да пачатку адбыцьця пакараньня

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакараньне ў Горацкай калёніі, зьмешчаны ў памяшканьне камэрнага тыпу тэрмінам на 6 месяцаў, стала вядома праваабаронцам «Вясны».

Прычына — адмова ісьці ў свой атрад пасьля выхаду са штрафнога ізалятару. Яшчэ раней Жамчужны зявіў, што ня будзе пераходзіць у атрад вязьняў зь нізкім статусам. За гэта агулам ён адбыў у карцэры больш за 500 дзён.

Сам Міхаіл Жамчужны за час зняволеньня налічыў 77 накладзеных на яго спагнаньняў, прычым 71 вынесьлі менавіта ў Горацкай папраўчай калёніі № 9.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Міхаілу Жамчужнаму ў сьледчым ізалятары забаранілі спатканьні і перадачы

Паводле праваабаронцаў, палітвязень ня скардзіцца на сваё здароўе і напісаў на волю, што адчувае сябе нармальна. Адміністрацыя калёніі нарэшце перадала яму вітамінны комплекс. Раней яго выслала праваабаронца Наста Лойка, але асуджанаму вітаміны не аддавалі з прычыны «адсутнасьці рэкамэндацый іх ужываньня» з боку мэдчасткі.

Міхаіл Жамчужны — грамадзкі актывіст, асуджаны 11 ліпеня 2015 году судом Віцебскай вобласьці да 6,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распараджальных абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шаўрова, які пафарбаваў рукі помніка Пушкіну, вызвалілі да суду пад падпіску. Ён хворы

У беларускім сьпісе палітычных вязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, цяпер чатыры чалавекі: Міхаіл Жамчужны, Мікіта Емяльянаў, Іван Комар і Піліп Шаўроў.