Пасьля акцыі супраць параду затрымлівалі актывістаў «Моладзевага блёку»

Пікет актывістаў “Моладзевага блёку” ля эканамічнага ўнівэрсытэту. Архіўнае фота.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра затрыманьне некалькіх актывістаў «Моладзевага блёку». 8 траўня «Моладзевы блёк» (аб'ядноўвае актывістаў шэрагу моладзевых ініцыятываў: #учебаважнее, ЗБС, Legalize Belarus) зладзіў акцыю з труной падчас генэральнай рэпэтыцыі параду.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У 17.00 актывісты «Моладзевага блёку» паведамілі «Вясьне», што затрыманы іх паплечнік Міхась Варанцоў. Цяпер ён у РАУС, верагодна Фрунзэнскага раёну.

Пасьля 23.00 тэлеграм-канал «Прававая ініцыятыва» паведаміў, што Міхася Варанцова адпусьцілі зь Першамайскага РАУСу.

Не выходзілі на сувязь удзельнікі і ўдзельніцы акцыі: Ліза Пракопчык, Вераніка Яновіч, Данііл Лаўрэцкі. Іх тэлефоны недасяжныя. Пад пад’ездам актывіста Стаса Шашка дзяжурыла міліцыя.

Пазьней стала вядома, што Ліза Пракопчык і Данііл Лаўрэцкі знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Паводле праваабаронцаў, Лізу Пракопчык будуць у судзе Першамайскага раёну Менску ў панядзелак.

«Моладзевы блёк» паведаміў і пра затрыманьне актывіста Ўладзіслава Клаўкіна. Паводле зьвестак, ён знаходзіцца ў Першамайскім РАУС Менску.

8 траўня «Моладзевы блёк» зладзіў акцыю з труной падчас генэральнай рэпэтыцыі параду. Міхась Варанцоў здымаў акцыю на відэакамэру, але ня ўдзельнічаў у ёй.

Удзельнікі акцыі падчас рэпэтыцыйнага праезду вайсковай тэхнікі ў мікрараёне Ўсход пачалі танчыць, трымаючы ў руках імправізаваную труну. Такім чынам моладзь хацела зьвярнуць увагу на небясьпеку наведваньня масавых імпрэзаў у Дзень Перамогі ў Менску.

У «Моладзевым блёку» адзначылі, што гэтая акцыя — адсылка да міжнароднага мэму «танец з труной», які набыў новы сэнс падчас каранавіруснай пандэміі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ