Мінздароўя зьбіраецца вызначыць, колькі беларусаў насамрэч перахварэлі на COVID-19

Ілюстрацыйнае фота. Мэдык у ахоўным касьцюме бярэ аналіз на каранавірус на беларуска-літоўскім памежным пераходзе Каменны Лог, 18 сакавіка 2020

Міністэрства аховы здароўя плянуе правесьці ў асобных раёнах Беларусі цэнтралізаваныя дасьледаваньні для вызначэньня праслойкі, імуннай да COVID-19, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, піша БелТА.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя дасьледаваньні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісьце ў апошнія два месяцы з нагоды рэсьпіраторных інфэкцый», — сказаў Каранік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

933 выпадкі за дзень. Мінздароўя апублікавала новую статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі

Дасьледаваньні пастараюцца правесьці максымальна апэратыўна, для іх плянуюць выкарыстоўваць экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19, якія маюць хутка прыбыць з Кітаю. Спачатку тэсты разьмяркуюць па мэдычных установах, пасьля гэтага дадуць магчымасьць праходзіць тэставаньне ўсім ахвотным. У некаторых раёнах гэта будзе цэнтралізавана.

Пры наяўнасьці падазрэньняў, зьвязаных зь перанесеным у лёгкай форме захворваньнем, можна будзе прайсьці тэставаньне, каб пацьвердзіць іх ці абвергнуць, патлумачыў міністар.

Як адзначыў Уладзімер Каранік, нельга выключаць верагоднасьць другой хвалі захворваньня на каранавірус у асеньне-зімовы пэрыяд.