Грузія адклікала амбасадара з Украіны пасьля прызначэньня Саакашвілі

Саакашвілі перад будынкам Вярхоўнай Рады ў Кіеве.

Грузія адклікала ў Тбілісі для кансультацый надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ва Ўкраіне Тэймураза Шарашанідзэ, заявіўшы, што прызначэньне Саакашвілі «выклікае пытаньні». Пра гэта паведамляе «Эхо Кавказа» са спасылкай на кіраўніка МЗС Грузіі Давіда Залкаліяні.

Залкаліяні падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра разрыў дыпляматычных адносін з Украінай або перагляд стратэгічнага партнэрства паміж краінамі. Аднак, паводле яго слоў, «прызначэньне стратэгічным партнэрам чалавека, які асуджаны і расшукваецца судовай сыстэмай Грузіі, выклікае пытаньні, праз што і было прынятае рашэньне аб адклiканьнi ў Тбілісі для кансультацый надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара».

Напярэдадні, 7 траўня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам прызначыў былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі кіраўніком выканаўчага камітэту рэформаў. «Веру, што ён дапаможа ў ажыцьцяўленьні важных зьмен у жыцьці краіны», — адзначыў Зяленскі, падпісваючы ўказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі ўзначаліў Выканаўчы камітэт Рады рэформаў Украіны

Кіраўнік МЗС Грузіі ў сувязі з гэтым заўважыў, што Саакашвілі быў прызначаны ня віцэ-прэм’ерам, як плянавалася першапачаткова, і што «ўзровень пасады, першапачаткова прапанаванай Саакашвілі, быў паніжаны». Залкаліяні падкрэсьліў, што зьвязвае гэта са скептычным стаўленьнем да пэрсоны Саакашвілі ў палітычным спэктры Ўкраіны.

Аднак Саакашвілі пасьля прызначэньня напісаў у сацсетках, што ад яго прызначэньня Зяленскага «пераважна адгаворвалі тыя, хто хоча, каб ва Ўкраіне захоўваўся статус-кво, а статус-кво — гэта балота».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для прызначэньня Саакашвілі віцэ-прэм'ерам Украіны не хапае галасоў, — СМІ