Прэзыдэнты краін Балтыі асудзілі «жалю годныя спробы Расеі фальсыфікаваць гісторыю»

Прэзыдэнты Літвы, Латвіі і Эстоніі 7 траўня асудзілі спробы Расеі фальсыфікаваць гісторыю, прыменшыць ролю Масквы ў пачатку Другой сусьветнай вайны і злачынствы савецкага рэжыму ў краінах Балтыі.

У супольнай заяве напярэдадні 75-ай гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны кіраўнікі Літвы, Латвіі і Эстоніі Гітанас Наўседа, Эгілс Лэвітс і Керсьці Кальюлайд папярэдзілі, што перакручваньне гісторыі ўяўляе небясьпеку для сусьветнага парадку, у аснове якога ляжаць пэўныя правілы.

«Перакручваньне гістарычных падзеяў, якія абумовілі пачатак Другой сусьветнай вайны і пасьляваенны падзел Эўропы — гэта вартая жалю спроба фальсыфікаваць гісторыю і сумнявацца ў асновах сусьветнага парадку, абумоўленага сучаснымі правіламі», — сказана ў дэклярацыі.

Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Науседа сказаў, што Расея апошнім часам усё больш актыўна праводзіць «праграму гістарычнага рэвізіянізму».

Паводле яго, гэта асабліва прыкметна, калі Масква спрабуе апраўдаць сваю ролю ў справе падпісаньня акту Молатава-Рыбэнтропа ў 1939 годзе, якім СССР і нацысты падзялілі сфэры ўплыву, і свае паводзіны ў справе акупацыі тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі.

«Адна з мэтаў нашай супольнай заявы — зьвярнуць увагу на тое, што гісторыю нельга перапісваць і тут ня дзейнічаюць ніякія тэрміны даўнасьці. Гісторыя ёсьць гісторыя, факты ёсьць факты», — сказаў Науседа.

Ён папярэдзіў, што спробы палітыкаў перакручваць гістарычныя факты прыводзяць да няслушных палітычных рашэньняў.

Эгілс Лэвітс

Прэзыдэнт Латвіі Эгілс Лэвітс у сваю чаргу заявіў, што «фальсыфікацыя гісторыі — гэта разнавіднасьць гібрыднай вайны».

«Расея спрабуе фальсыфікаваць гісторыю або прадставіць дэзінфармацыю аб рэальнай сытуацыі. Асабліва — пра пачатак Другой сусьветнай вайны і пра сяброўства паміж СССР і нацысцкай Нямеччынай, пра тое, што яны дамовіліся аб тым, каб акупаваць як Польшчу, так з боку СССР Эстонію, Латвію, Літву і частку Румыніі », - сказаў кіраўнік Латвіі.

«Я думаю, што пра гэта трэба ведаць, каб рэальна і рэалістычна ацэньваць Другую сусьветную вайну. І калі мы не гаворым пра пачатак гэтай фазы вайны, то гэта фальсыфікацыя ўсёй вайны», — дадаў ён.

Паводле кіраўніка Латвіі, адзіны погляд на гісторыю — важная частка працэсу аб’яднаньня Эўропы, важную ролю тут можа адыграць Эўрапарлямэнт.

Керсьці Кальюлайд

Кіраўнікі краін Балтыі ў супольнай заяве выказалі павагу і даніну памяці ўсім ахвярам і вайскоўцам, якія перамаглі нацысцкі рэжым, іх самаахвярнасьці, але разам з тым падкрэсьлілі, што заканчэнне Другой сусьветнай вайны не прынесла свабоды краінам Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

«Каб заняволіць балтыйскія народы, СССР выкарыстаў вялізную вайсковую сілу, нябачаныя рэпрэсіі, масавыя дэпартацыі і поўны кантроль на ідэалягічным узроўні», — сказана ў дэклярацыі.

Прэзыдэнты падкрэсьлілі, што адхіляюць «канцэпцыю зонаў уплыву» і адзначылі значэньне NATO ў справе забесьпячэньня стабільнасьці і бясьпекі ў Эўропе.