Выбары ў Польшчы ўсё ж адбудуцца па пошце. Але не 10 траўня

Ілюстрацыйнае фота

Сэйм Польшчы адхіліў вэта Сэнату на законапраект аб завочным галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах. За адхіленьне прагаласавалі 236 дэпутатаў, 213 было супраць, 11 устрымаліся, паведамляе Польскае радыё.

Для адхіленьня вэта трэба было сабраць 231 голас. Гэта стала магчымым дзякуючы паразуменьню ўнутры кіроўнай кааліцыі. Цяпер законапраект ляжа на стол прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія сэнатары заблякавалі завочныя выбары прэзыдэнта

Аднак 10 траўня выбары не адбудуцца. Будзе прызначаная новая дата правядзеньня выбараў у завочнай форме.

Апазыцыя раней патрабавала пераносу выбараў і адмовілася ад удзелу ў прапанаваных PiS выбарах па пошце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы заявілі аб пераносе прэзыдэнцкіх выбараў 10 траўня праз COVID-19