Міністэрства аховы здароўя абнавіла інфармацыю пра выдаткоўваньне грошай, сабраных на дабрачынных рахунках для барацьбы з каранавірусам.
На 4 траўня на дабрачынных рахунках засталося 1,173 мільёна беларускіх рублёў і 171 309 эўра.
На што пайшлі грошы?
- На 4 мільёны рублёў закупілі 3 мільёны мэдычных масак, стаматалягічныя экраны, фільтруючыя рэсьпіратары, санітарна-гігіенічныя вырабы, фільтруючыя аэразольныя паўмаскі. Лекарам Менску перадалі 500 тысяч, кожнай вобласьці Беларусі — па 200 тысяч масак. 17-ці РНПЦ перадалі 300 тысяч масак, рэшта засталася ў рэзэрве.
- На 364 тысячы рублёў закупілі наборы для дыягностыкі каранавірусу, на 91 тысячу — лябараторнае абсталяваньне для дыягностыкі COVID-19.
- 350 тысяч рублёў пайшлі на рэактывы для дыягностыкі COVID-19 для Нацыянальнай антыдопінгавай лябараторыі.
Міністэрства аховы здароўя 24 сакавіка адкрыла дабрачынныя рахункі для дапамогі выяўленьню і лячэньню каранавірусу ў краіне.
Міністэрства вітае падтрымку грамадзтва і зможа выкарыстоўваць дабрачынную дапамогу на закуп абсталяваньня лябараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, засьцерагальных сродкаў, лекаў, а таксама на аказаньне дапамогі хворым.
Дабрачынны рахунак у беларускіх рублях: BY29AKBB36429000000800000000, у «Беларусбанку», БІК: AKBBBY2X, УНП: 190263723.
Дабрачынны рахунак у эўра: BY93AKBB36429000003150000000, у «Беларусбанку», БІК: AKBBBY2X, УНП: 190263723.
Грамадзянская кампанія #ByCovid19 зьбірае сродкі для дапамогі мэдыкам Беларусі, а таксама аказвае ім псыхалягічную дапамогу. Заяўкі на аказаньне псыхалягічнай падтрымкі можна пасылаць сюды. Дадатковая інфармацыя для тых, хто шукае дапамогі, і хто хоча дапамагчы, на сайце ініцыятывы.
Таксама 20 сакавіка часопіс «Имена» стварыў Telegram-канал @Covid19.imena, празь які беларусы могуць папрасіць дапамогі ці самім некаму дапамагчы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.