«Пачуў пра парад і сьмерць сьвятара і вырашыў дапамагаць людзям». Як і хто здае плязму для людзей з COVID-19

Свабода два дні правяла ў РНПЦ трансфузіялёгіі і паразмаўляла з тымі, хто прыйшоў здаваць плязму.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Людзі баяцца, што дагэтуль мы заразныя, і шарахаюцца ад маёй сям’і» — так патлумачыў сваю адмову фатаграфавацца адзін з суразмоўцаў.

За гэты час мы паразмаўлялі з 11 донарамі. Ня ўсе захацелі здымацца і назваць свае сапраўдныя імёны. У асноўным гэта людзі публічных прафэсій — мэдыкі, якія заразіліся ў шпіталі, ці, да прыкладу, стуардэса. Кажуць, што кіраўніцтва ня ўхваліць. Да таго ж баяцца перадузятага да сябе стаўленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус пры пераліваньні крыві не перадаецца. Вялікая гутарка з дырэктарам РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій

Донарамі плязмы з антыцеламі да каранавірусу ўжо сталі каля 50 чалавек, якія перахварэлі на COVID-19. Адзін донар здае 600 мл плязмы, гэта прыкладна на 3 дозы для пераліваньня цяжка хвораму на каранавірус.

Акрамя сталічнага РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій, плязму здаюць у Менскім гарадзкім цэнтры трансфузіялёгіі пры 6-м шпіталі, а таксама ў Віцебску, Горадні, Берасьці, Магілёве.

«Дагэтуль не разумею, навошта ваенкамат накіраваў мяне на камісію ў шпіталь»

Аляксей

Студэнт Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту Аляксей — самы малады з донараў. Калі выпісаўся з інфэкцыйнага шпіталя і даведаўся пра экспэрымэнт з плязмай, чакаў званка. Праз 2 тыдні яму патэлефанавалі, прыйшоў у РНПЦ літаральна на наступны дзень.

«Героем я сябе не лічу. Я гатовы дапамагчы іншым. Прачытаў, што плязма двух-трох чалавек можа ўратаваць аднаго-двух цяжка хворых. Арганізм у мяне моцны, вытрымаю. А героі насамрэч — мэдыкі», — перакананы 21-гадовы Аляксей.

Хлопец мяркуе, што заразіўся каранавірусам таксама ў шпіталі — на пачатку сакавіка ваенкамат Маскоўскага раёну Менску накіраваў яго на камісію.

«У шпіталі праляжаў 2 тыдні, хоць дагэтуль не разумею, навошта трэба было так тэрмінова класьці мяне на камісію. Абсьледавалі, выпісалі.

Праз пару дзён пачаў дрэнна сябе адчуваць. Прыйшоў у ваенкамат, яны ўсе забегалі, накіравалі на тэст — аказаўся станоўчы. Паклалі ў інфэкцыйны шпіталь на 3 тыдні. Хворых там было вельмі шмат — я ляжаў у аддзяленьні для ВІЧ, усё астатняе было занята», — кажа Аляксей.

Бацькі і сябры, з кім кантактаваў хлопец, не захварэлі. На ўсялякі выпадак кантакты з пажылымі сваякамі Аляксей абмежаваў.

«У мяне вялікая сям’я. Бабулям сваім цяпер дастаўляю прадукты — з крамы толькі да дзьвярэй кватэры, пакідаю пакет і сыходжу. Кантактуем толькі праз тэлефон».

«Зь цяжкасьцю дамогся, каб зрабілі тэст, хоць вярнуўся з Аўстрыі»

Энэргетык, адмысловец па кабэленясучых сыстэмах Аляксей на пачатку сакавіка адпачываў у Аўстрыі, каталіся зь сябрамі на сноўбордах. Вярнуліся дадому, і першым захварэў сябар, у якога бранхіяльная астма. Кажа, яны былі ў першай «трыццатцы» тых, хто захварэў на COVID-19 у Беларусі.

«Тэст у сябра аказаўся станоўчы. Потым захварэў і я. Дзякуй Богу, з нашых „кантактаў першага ўзроўню“ — бацькоў і калег — ніхто не захварэў, хоць па вяртаньні мы пасьпелі сустрэцца зь сябрамі», — кажа Аляксей.

Тэсту ледзьве дамогся, хоць вярнуўся з Аўстрыі.

«Давялося самому пісаць у недзяржаўныя СМІ, падымаць „кіпеш“. Дамогся, тэст аказаўся станоўчы. Цягам чатырох тыдняў, з 12 сакавіка, лячыўся ў 6-м шпіталі. Спачатку „кавідныя“ займалі адно крыло паверху, потым цэлы паверх, а калі выпісваўся — ужо ўвесь 8-павярховы будынак. Людзей накіроўвалі ў Барысаў, у іншыя гарады, бо тут не было месцаў», — кажа Аляксей.

Сымптомы, расказвае ён, падчас хваробы былі сярэдняй цяжкасьці. Калі патэлефанавалі з РНПЦ трансфузіялёгіі і папрасілі здаць плязму, ні хвіліны не вагаўся. Гатовы прыйсьці яшчэ праз два тыдні. Сябе таксама героем ня лічыць. І вельмі ўдзячны лекарам 6-га шпіталя.

У РНПЦ трансфузіялёгіі

Айцішнік Васіль здае плязму ўжо другі раз

Супрацоўнік вядомай ІТ-кампаніі Васіль на пачатку сакавіка зь сябрамі зьезьдзіў на канцэрт у Бэрлін. Хлопцы дрэнна адчулі сябе ўжо там. У Бэрліне было яшчэ даволі спакойна — па афіцыйнай інфармацыі, на каранавірус там захварэлі каля дзясятка чалавек, узгадвае хлопец.

«Пасьля вяртаньня ў Менск на трэці дзень забалела галава, потым паднялася тэмпэратура. Уначы моцна прапацеў. Бацькі раніцай адправілі ў паліклініку: я расказаў, што вярнуўся з-за мяжы. З паліклінікі на „хуткай“ адвезьлі ў 6-ы шпіталь, там зрабілі тэст. Адпусьцілі дадому. Праз пару дзён патэлефанавалі — тэст аказаўся станоўчы. 16 сакавіка забралі ў інфэкцыйны шпіталь ажно на 4 тыдні», — кажа Васіль.

Хвароба прайшла ў даволі лёгкай форме. Перахварэла на каранавірус і ўжо паправілася і маці Васіля.

Два тыдні таму Васіль сярод першых прыйшоў здаваць плязму. 4 траўня прыйшоў ужо другім наваратам.

«Перакананая, што падхапіла вірус у пульманалёгіі»

Марыя працуе касіркай. На пачатку сакавіка трапіла ў 10-ы шпіталь з пнэўманіяй. Пасьля двух тыдняў лячэньня да пнэўманіі дадаўся яшчэ COVID-19.

«Перакананая, што „падхапіла“ вірус у пульманалёгіі. Спачатку пачувала сябе даволі добра, быў толькі кашаль і невысокая тэмпэратура. Лячылі ў пульманалёгіі пнэўманію два тыдні. У шпіталі зрабілі тэст на каранавірус — станоўчы. Усяго праляжала ў лякарні 4 тыдні. Выпісалася, дзякуй богу, ніхто з блізкіх не захварэў — у доме двое малых дзяцей і муж», — кажа Марыя.

«Доўга не адчувала ні пахаў, ні смаку ежы»

Індывідуальная прадпрымальніца Юлія на пачатку сакавіка вандравала па Эўропе. Вярнулася ў Менск — адчула недамаганьне. Тэст на каранавірус даў станоўчы вынік.

«28 дзён — з 18 сакавіка па 14 красавіка — правяла ў інфэкцыйным шпіталі. Перанесла хваробу даволі лёгка, бессымптомна. Адзіны дыскамфорт — доўга не адчувала ні пахаў, ні смаку ежы», — узгадвае дзяўчына.

Не сумнявалася ні на хвіліну, калі прапанавалі здаць плязму. Донарам стала першы раз. Шчыра прызналася, што крыху страшнавата, трохі нават калаціла.

Ніхто з родных і сяброў, з кім кантактавала Юля, не захварэў. Цяпер яна працуе дыстанцыйна.

«Кіраўнік дзяржавы заняты „заражэньнем“ грамадзян, а я буду ратаваць»

Ільлю каранавірусам заразіў 11-гадовы сын, у якога пару дзён трымалася тэмпэратура 37,5. Дзе мог заразіцца хлопчык, бацька падазрае, але казаць адмовіўся. Сын два тыдні правёў у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі, бацька лячыўся ў дарослым інфэкцыйным. Да таго ж перахварэлі яшчэ некалькі сваякоў.

«Калі я трапіў у інфэкцыйны шпіталь 22 сакавіка, у мэдыкаў сродкаў індывідуальнай засьцярогі амаль не было. Калі выпісваўся 4 красавіка — усё ўжо было. Лекары — проста героі, ня толькі лячылі, але і падбадзёрвалі, маральна падтрымлівалі, калі мне было страшна за сына», — узгадвае Ільля.

Сына ў школу бацька не пусьціў, хлопчык займаецца дыстанцыйна. Ільля прызнаецца, што спачатку ваганьні наконт здачы плязмы ў яго былі.

«Але калі пачуў пра парад, які так і не адменяць, і пра сьмерць сьвятара ад каранавірусу, вырашыў, што буду дапамагаць людзям. Прабачце за рэзкасьць і патас: кіраўнік дзяржавы заняты заражэньнем грамадзян, а я буду ратаваць. Цяжкім хворым, магчыма, мая плязма дапаможа», — кажа Ільля.

«У нас не было элемэнтарных сродкаў засьцярогі. Многія мэдыкі захварэлі»

Мэдсястра зь Віцебску Ганна (імя зьмененае па яе просьбе) адмыслова прыехала ў Менск, каб здаць плязму для канкрэтнай жанчыны, якая цяпер у цяжкім стане. Хворую яна асабіста ня ведае, вельмі прасілі сябры дапамагчы. У РНПЦ ужо даведалася, што пакуль так ня робяць: здаць плязму для канкрэтнага чалавека нельга. Але яна спадзяецца, што яе плязма дапаможа іншым.

Заразілася Ганна на каранавірус у сябе ў шпіталі: кажа, што мэдустанова не была гатовая да ўсплёску вірусу.

«У нас не было элемэнтарных сродкаў індывідуальнай засьцярогі. Многія мае калегі захварэлі. У першыя дні працаваць было вельмі цяжка... Не хачу расказваць, і так начальства незадаволенае, што мы захварэлі. Нашага галоўнага лекара ўжо зьнялі з пасады. Крыўдна вельмі чуць, што, маўляў, мэдыкі самі вінаватыя, што не ўберагліся...» — неахвотна расказвае Ганна.

Яна ўжо выйшла на працу. Суткі адпрацавала, у адзіны вольны дзень прыехала ў Менск, каб здаць плязму. На наступны дзень зноў ідзе на працу ў шпіталь на суткі.

«Плязма дапаможа тады, калі дынаміка пагаршаецца, але да апарата ШВЛ яшчэ не дайшло»

Пераліваньне рэканвалесцэнтнай плязмы лічыцца эфэктыўным мэтадам, які добра зарэкамэндаваў сябе ў Кітаі, ЗША, краінах Эўразьвязу, Расеі, кажа дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій Фёдар Карпенка. Беларускія мэдыкі пачалі прапрацоўваць мэтад выкарыстаньня імуннай плязмы яшчэ ў сакавіку, калі зьявіліся першыя хворыя на каранавірус. А браць плязму ад тых, хто перахварэў, і ўводзіць цяжкім пацыентам пачалі два тыдні таму — спачатку ў сталічным РНПЦ, потым у Віцебску, Горадні, 6-м шпіталі.

Фёдар Карпенка

«Але падкрэсьліваю: гэта экспэрымэнтальны мэтад, мы шчыльна ўзаемадзейнічаем зь іншымі лекарамі: рэаніматолягамі, пульманолягамі, інфэкцыяністамі. Мэтад лячэньня плязмай — дадатковы да асноўнага лячэньня.

Плязма дапаможа тады, калі дынаміка пагаршаецца, але да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх яшчэ не дайшло. Як толькі зьяўляецца плязма — аддаём у шпіталі, якія зрабілі заяўкі, стараемся, каб быў цыкль — 3–4 пераліваньні. Чакаем станоўчых вынікаў», — тлумачыць Фёдар Карпенка.

Звычайнаму чалавеку можа падацца, што донараў плязмы ня так шмат — каля 50 чалавек — у параўнаньні з агульнай колькасьцю тых, хто перахварэў на каранавірус і паправіўся, а гэта паводле афіцыйнай статыстыкі, больш за 3 тысячы чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне бянтэжыць пошук праз сацсеткі». Распыталі ў экспэрта, як лячыць пераліваньнем плязмы пацыентаў з COVID-19

«Але ж ня так шмат часу яшчэ прайшло — можна браць плязму, калі прайшло як мінімум два тыдні пасьля папраўкі. А яшчэ лепш — месяц: найлепшы час — ад 15 да 28 дзён, калі ідзе выпрацоўка антыцелаў.

Плязму можна браць некалькі разоў. Мінімальны інтэрвал — раз на 2 тыдні. Нам вельмі цікава, як будуць разьвівацца антыцелы, ці будзе рост. Ужо запрашаем на паўторную данацыю, будзем вывучаць, аналізаваць», — кажа дырэктар РНПЦ Фёдар Карпенка.

Ён нагадвае: плязму не бяруць у тых, хто перахварэў цяжка, у каго пры каранавіруснай інфэкцыі была пнэўманія — каб не нашкодзіць аслабленаму арганізму.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ