Яшчэ адзін цеплавізар у Менску. З вакзалу могуць адправіць у шпіталь

Ілюстрацыйнае фота. Пасажыры на чыгуначным вакзале Менску, 27 сакавіка 2020 году

На чыгуначным вакзале Менску на мінулым тыдні ўсталявалі цеплавізар. Ён працуе ў тэставым рэжыме, паведаміў агенцтву «Мінск-Навіны» намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Дараховіч.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У суткі цеплавізар фіксуе ў сярэднім 4–5 чалавек з падвышанай тэмпэратурай.

Ён стаіць на 2-м паверсе перад заляй чаканьня. Дадзеныя паступаюць на кампутар да адміністратара залі, там жа дзяжурыць міліцыянт. Чалавека, у якога выявілі падвышаную тэмпэратуру, просяць спусьціцца на 1 паверх у мэдпункт, дзе дзяжураць лекары 38-й паліклінікі. У залежнасьці ад сытуацыі мэдыкі робяць адпаведныя захады: аказваюць хвораму дапамогу, выдаюць яму маску, выклікаюць хуткую.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на станцыі мэтро «Плошча Леніна» паставілі цеплавізар. Плянуюць і на іншых станцыях

Паводле падобнага альгарытму плянуюць працаваць і зь цеплавізарам, які з 17 красавіка стаіць на станцыі мэтро «Плошча Леніна».

Яшчэ адзін цеплавізар ёсьць у менскім аэрапорце.

Паводле Дараховіча, найперш цеплавізарамі трэба абсталяваць вакзалы і аэрапорты, а ў пэрспэктыве — «чым больш месцаў масавага наведваньня людзей будзе абсталявана цеплавізарам, тым больш бясьпечным стане жыцьцё гараджан».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ