У радзільні Лукашэнкі непадалёк ад яго рэзыдэнцыі выявілі каранавірус?

Каранавірус нібыта выявілі ў пэрсаналу Копыскай участковай лякарні, у якой у 1954 годзе нарадзіўся Аляксандар Лукашэнка. Аб праблемах установы Свабодзе расказалі жыхары мястэчка Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Галоўнага доктара лякарні шпіталізавалі з пнэўманіяй.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Ад гэтага гарадзкога пасёлку да рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў ягонай роднай вёсцы Аляксандрыі-2 меней за 6 кілямэтраў. Свабода наведала Копысь і пабачыла, як каранавірус зьмяніў жыцьцё местачкоўцаў.

Будынак колішняй радзільні. У ёй зьявіўся на сьвет Лукашэнка. Пра гэта нагадвае шыльда (яна сіняга колеру). Цяпер у гэтым будынку паліклініка

Жыхары мястэчка: захварэлі дактары, санітаркі ды кіроўца хуткай дапамогі. Чыноўнікі: звычайная сытуацыя

Пра тое, што ў Копыскай лякарні праблемы, Свабодзе стала вядома 29 красавіка з допісу нашага чытача. У ім гаварылася, што нехта з кіраўніцтва лякарні шпіталізаваны з падазрэньнем на каранавірус, а сама ўстанова закрытая на карантын.

Будынак Копыскай участковай лякарні

У самой Копысі кажуць, што каранавірусную інфэкцыю выявілі спачатку ў аднаго з дактароў яшчэ 12 красавіка. Затым тэсты нібыта паказалі COVID-19 у некалькіх санітарак ды кіроўцы хуткай дапамогі. Усе яны шпіталізаваныя. Іхныя кантакты першага ўзроўню на самаізаляцыі.

Як даведалася Свабода ад родных галоўнага доктара Копыскай лякарні Ўладзімера Какосьцікава, ён у шпіталі з пнэўманіяй.

Атрымаць камэнтар у самой лякарні нам не ўдалося. Там адмовіліся гаварыць, спаслаўшыся на адсутнасьць галоўнага доктара. Аляксей Кароткі, галоўны доктар Аршанскай цэнтральнай паліклінікі, у падпарадкаваньні якой знаходзіцца Копыская лякарня, таксама адмовіўся адказваць на пытаньні пра сытуацыю ў лякарні. Ён параіў адрасаваць іх Аршанскаму райвыканкаму ці Віцебскаму аблвыканкаму.

Галоўны санітарны доктар Воршы і Аршанскага раёну Сяргей Белы сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў Копыскай участковай лякарні «звычайная сытуацыя, нічога экстраардынарнага няма». Ён сказаў, што лякарня на карантын не закрывалася. Што да магчыма хворых на каранавірус мэдработнікаў, то з гэтым пытаньнем ён параіў зьвярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя.

Знак на ўезьдзе ў Копысь. Мястэчку больш за 950 гадоў. На гербе выява чорнага зайца

Што адбываецца ў лякарні

Бальнічны комплекс месьціцца на ўскрайку Копысі. 2 траўня ў першай палове дня тэрыторыя лякарні нібы вымерла. Уваходныя вароты былі зачыненыя на засаўку, а некаторыя наагул замкнутыя. Вокны ў палатах прачыненыя. Прыкметаў, што ў іх ёсьць пацыенты, не відаць.

Бальнічны комплекс у Копысі

Між тым, паводле сайту Аршанскай цэнтральнай паліклінікі, Копыская ўчастковая лякарня разьлічаная на абслугоўваньне больш як 900 пацыентаў. Акрамя местачкоўцаў, да яе прыпісаныя жыхары чатырох суседніх вёсак. У лякарні працуюць 25 чалавек: 2 лекары, 11 мэдсясьцёр ды 12 іншых работнікаў. У 2017 годзе ва ўстанове завяршылі капітальны рамонт. За апошнія 9 гадоў яе двойчы наведваў Аляксандар Лукашэнка. Пра тое, што ён нарадзіўся ў Копыскай лякарні, нагадвае шыльда на будынку мясцовай паліклінікі.

«Цяпер не магу пэўна казаць, ці на карантыне лякарня, але колькі дзён таму была яшчэ закрытая. Ведаю пра гэта, бо мне трэба было забраць рэцэпт, дык яго праз аптэку мне перадалі. Яна не на тэрыторыі лякарні, — сказаў адзін зь мясцовых жыхароў.

Паводле яго, эпідэміялягічная сытуацыя ў Копысі «ня дужа добрая». Каб запэўніць у гэтым журналіста, мужчына паказаў рэсьпіратар, зь якім ён ходзіць у краму. На заўвагу, што на мясцовых не відаць масак, сказаў, што «ў нас пакуль не прынята хадзіць у іх».

На вуліцы Копысі

«Ёсьць тыя, хто баіцца каранавірусу, а ёсьць такія, што рукой махаюць»

Пра пандэмію каранавірусу ў Копысі нагадваюць інструкцыі «Як не заразіцца» на дошках аб’яваў. Сярод іх і «правілы паводзінаў грамадзян на самаізаляцыі».

Вуліцы мястэчка ў асноўным бязьлюдныя. Ажыўленьне толькі ля крамаў. Местачкоўцы завіхаюцца на агародах.

На вуліцы Копысі

«Пра каранавірус адусюль гавораць, і ў нас цяпер ён ёсьць. Доктар захварэў, — кажа жанчына пэнсійнага ўзросту. — Ёсьць у нас тыя, хто каранавірусу баяцца. Дык гэтыя з двара не выходзяць. А ёсьць такія, што рукой махаюць».

Наступная суразмоўца ў Копысь прыяжджае з Воршы. Там яна працуе на льнокамбінаце. Кажа, што на ім усе працуюць у масках. Пра тое, што ў Воршы больш за 80 выяўленых выпадкаў каранавірусу і 5 сьмерцяў ад яго, жанчына ня чула. Пра сытуацыю ў Копыскай лякарні таксама.

«А вы знаеце, тут і раней людзі не асабліва любілі расхаджваць па пасёлку, — адзначае яна. — А цяпер пагатоў, бо работы шмат. Але пэнсіянэры больш сваіх хат трымаюцца».

Вуліцы мястэчка збольшага бязьлюдныя

Яшчэ адзін суразмоўца (бяз маскі, але адказвае на дыстанцыі) спадзяецца, што пандэмія скончыцца з надыходам летняй сьпёкі.

«Ультрафіялет жа ўсё забівае, — тлумачыць ён (Сусьветная арганізацыя здароўя сьцьвярджае, што гэта ня так. — РС). — А наагул, у глябальным сэнсе, — ня будзе гэтага вірусу, зьявіцца іншы, альбо ў гэтага будзе мутацыя...»

«Лукашэнка даў моцны штуршок для ўпарадкаваньня Копысі»

Насельніцтва Копысі — 800 чалавек. У мястэчку дагледжаныя ды заасфальтаваныя вуліцы з савецкімі назвамі. Уздоўж іх узьвялі новыя дамы ды прыхарашылі старыя хаты.

Местачкоўцы завіхаюцца на агародах. На заднім пляне відаць Александрыю

У цэнтры мястэчка школа, якая носіць імя Янкі Купалы, але мова навучаньня ў ёй расейская. Наведваюць навучальную ўстанову меней за 80 дзяцей.

Рэканструявалі пад абарончы вал з драўлянымі сярэднявечнымі вежамі над Дняпром мясцовае гарадзішча. Агледзець яго спыняюцца аўтамабілісты.

Па словах местачкоўцаў, пасьля ўзьвядзеньня 13 гадоў таму моста, які злучыў Копысь з Александрыяй і абышоўся ў 8 мільёнаў даляраў, транзытнага транспарту пабольшала. Раней між двума паселішчамі была пантонная пераправа. Узімку яе прыбіралі, і нямала людзей тапілася ў Дняпры, пераходзячы раку па лёдзе.

Школа носіць імя Янкі Купалы. Надпіс па-расейску і навучаньне таксама

«Лукашэнка даў моцны штуршок для ўпарадкаваньня Копысі, — кажа наступны суразмоўца. — У 2003 годзе пачалі яе рэканструкцыю. Газіфікацыю нам зрабілі. Цяпер выглядае самавіта...»

У мястэчку ёсьць крамы вядомых у Беларусі гандлёвых сетак. Працуюць два невялікія прадпрыемствы: камбінат будаўнічых матэрыялаў ды сыраробны цэх кампаніі «Савушкин продукт».

Гарадзішча Копысі з драўлянымі вежамі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ