«Кітай не зацікаўлены ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША» — прадстаўнік кітайскага МЗС адказаў на заяву Трампа

Гэн Шуан

Кітай не зацікаўлены ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, заявілі яго прадстаўнікі пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў меркаваньне, што Пэкін паспрабуе дамагчыся яго паразы на выбарах у лістападзе, паведамляе Голас Амэрыкі.

Раней у інтэрвію Reuters Трамп, якога часта абвінавачваюць у запозьненай падрыхтоўцы ЗША да пандэміі, заявіў, што Кітай павінен быў больш актыўна інфармаваць сьвет пра каранавірус, каб пра яго даведаліся значна хутчэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць ад каранавірусу ў ЗША перавысіла страты падчас вайны ў Віетнаме

Адказваючы на пытаньне, ці разглядае ён магчымасьць увядзеньня пошлін у дачыненьні да Кітаю, Трамп не пажадаў удавацца ў падрабязнасьці.

«Я магу зрабіць многае, — сказаў ён. — Мы спрабуем высьветліць, што адбылося».

«Кітай зробіць усё магчымае, каб я прайграў на выбарах», — дадаў Трамп.

Паводле яго слоў, Пэкін хоча, каб пераможцам быў ягоны апанэнт, дэмакрат Джо Байдэн, і каб ён прыслабіў ціск, які Трамп аказвае на Кітай па гандлёвых і іншых пытаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік NATO: Расея і Кітай працягваюць дэзынфармаваць пра пандэмію

Словы амэрыканскага прэзыдэнта адразу выклікалі рэакцыю афіцыйнага Пэкіну.

«Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША зьяўляюцца ўнутранай справай, мы не праяўляем цікавасьці да ўмяшаньня ў іх», — заявіў прадстаўнік МЗС Кітаю Гэн Шуан на штодзённым брыфінгу для журналістаў.

«Мы спадзяемся, што людзі з ЗША ня будуць ўцягваць Кітай у сваю перадвыбарчую палітыку», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 26 мільёнаў амэрыканцаў страцілі працу за апошнія пяць тыдняў