Ці не ўпершыню ў гісторыі і савецкай, і незалежнай Беларусі 1 траўня ня будзе шэсьцяў працоўных.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як сказалі Свабодзе ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, з улікам эпідэміялягічнай сытуацыі, арганізаваных калёнаў пад сьцягамі, як у мінулыя гады, сёлета ня будзе — ні ў Менску, ні ў іншых гарадах Беларусі. Сьвяткаваньне пераносіцца ў онлайн-фармат, паведамляецца на сайце фэдэрацыі.
ФПБ да гэтага дня зарганізавала шэраг праектаў. На сайце 1prof.by разьмесьцяць сьвяточныя фота розных гадоў і архіўныя матэрыялы журналістаў аб перадавіках працы ў розных сфэрах. У этэрах некалькіх радыёстанцыяў артысты беларускай эстрады падзеляцца ўспамінамі пра 1 траўня і прасьпяваюць песьні. Да онлайн-канцэртаў, арганізаваных у гонар 1 траўня, можна будзе далучыцца ўва ўсёй Беларусі.
Афіцыйныя прафсаюзы адмовіліся ад шэсьцяў, але правялі суботнік
Напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасьці працоўных зь вітальным словам зьвярнуўся старшыня ФПБ Міхаіл Арда:
«Гэта сапраўды ўсеагульнае сьвята. Бо кожны з нас, незалежна ад узросту, прафэсіі, штодня працуе і ўкладвае свае сілы, веды і энэргію ў разьвіцьцё сваёй справы і нашай краіны ў цэлым. Мы разам, і ў гэтым наша сіла ў любых, нават самых складаных, сытуацыях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка і ленінскае бервяноЗрэшты, як удакладнілі ў штаб-кватэры ФПБ, гэта не выключае ініцыятываў на месцах. Так, у Горадні замест шэсьця гараджанам прапануюць сьвяточны тэлевізійны канцэрт, падрыхтаваны абласным аб’яднаньнем прафсаюзаў, філярмоніяй і мясцовым тэлеканалам. Яго запісалі загадзя і пакажуць увечары 1 траўня.
Тыдзень таму афіцыйныя прафсаюзы паўдзельнічалі ў мабілізацыі сяброў сваіх суполак на суботнік. Было заяўлена, што на працоўныя месцы выйшлі больш за 2 мільёны 300 тысяч чалавек, якія зарабілі для дзяржавы 8 мільёнаў рублёў.
Незалежным прафсаюзам заміналі ўлады, а цяпер і каранавірус
Незалежным прафсаюзам улады і раней не дазвалялі асабліва разгарнуцца з адзначэньнем сьвята 1 траўня, цяпер жа сытуацыя ўскладнілася каранавірусам.
«Упершыню за многія дзясяткі гадоў у сувязі з пандэміяй каранавірусу людзі працы па ўсім сьвеце ня выйдуць на вуліцы і плошчы, каб адзначыць сваё сьвята. Ня змогуць гэта зрабіць і сябры незалежных прафсаюзаў Беларусі. Але ня толькі ў сувязі з пандэміяй віруснай, але і пандэміяй палітычнай. Аўтарытарны рэжым даўно загнаў сваіх апанэнтаў у рэжым ізаляцыі», — гаворыцца ў заяве выканкаму Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Палітычная пандэмія». Незалежныя прафсаюзы патрабуюць дапамогі найбольш уразьлівым групамПаводле лідэра БКДП Аляксандра Ярашука, незалежныя прафсаюзы з трывогай адзначаюць нарастаньне эканамічных праблемаў, выкліканых эпідэміяй, і патрабуюць ад уладаў прыняцьця праграмы неадкладных дзеяньняў дзеля захаваньня працоўных месцаў, падтрымкі працоўных і беспрацоўных.
«Наш першатравеньскі заклік да працоўных краіны — аб’яднаць намаганьні для абароны сваіх правоў, якія ў сувязі з крызісам яшчэ больш цярпяць; патрабаваць ад уладаў вырашэньня ўсіх сваіх надзённых патрэбаў і праблемаў. Аб’яднаўшыся і праяўляючы салідарнасць, мы ня толькі зможам перажыць цяжкія часы, але і зьмяніць сваё жыцьцё да лепшага. Разам мы пераможам!» — падсумоўваюць незалежныя прафсаюзы.