Калі скончыцца эпідэмія COVID-19 у розных краінах? Мадэль сынгапурскіх матэматыкаў

Графік новых захворваньняў на каранавірус у Беларусі, worldometers.info

Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе каманда матэматыкаў з сынгапурскага дасьледчага цэнтру Data-Driven Innovation Lab.

Іх мадэль ходу пандэміі збудаваная пры дапамозе дыфэрэнцыяльных раўнаньняў. Парамэтры мадэлі вызначаюцца на падставе зьвестак пра дынаміку распаўсюду хваробы, мадэль штодзень карэктуецца з улікам паступленьня новых дадзеных.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Аўтары прагнозу папярэджваюць, што вынікі іх дасьледаваньняў маюць значэньне толькі для адукацыйных і навукова-дасьледчых мэтаў. Яны адзначаюць, што чытачы павінны ўспрымаць любыя прагнозы з асьцярогай і што празьмерны аптымізм, грунтаваны на пэўных прагназаваных тэрмінах, небясьпечны і можа аслабіць засьцерагальныя захады і спрыяць вяртаньню інфэкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Плюс 973 інфікаваныя і 5 сьмерцяў. У Беларусі выявілі 13 181 выпадак COVID-19

Прагноз Data-Driven Innovation Lab для Беларусі — пандэмія ў Беларусі скончыцца 18 чэрвеня, пасьля гэтай даты новыя захворваньні ўжо ня будуць зьяўляцца. Пры гэтым з усіх, каму ў Беларусі наканавана захварэць да канца пандэміі, 97% захварэюць да 23 траўня. Паводле мадэлі сынгапурскіх матэматыкаў, менавіта цяпер, у гэтыя дні, у Беларусі — пік захворваньня, самае вялікае значэньне новых выпадкаў захворваньня, і на пачатку траўня пандэмія ў Беларусі пойдзе на спад.

Паводле мадэлі, менавіта цяпер пік захворваньня і ў Расеі. Эпідэмія ўжо ідзе на спад, у прыватнасьці, у ЗША, Гішпаніі, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Францыі, Польшчы, Латвіі.