Расея адмовіла Лукашэнку: зьніжак на газ Беларусі ня дасьць

Аляксандар Новак, міністар энэргетыкі Расеі

Перагляду цаны на газ для Беларусі ў 2020 годзе не прадугледжана, заявіў «Інтэрфаксу» міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ва ўмовах рэзкай зьмены эканамічнай кан’юнктуры цана на расейскі газ павінна быць меншай як мінімум на траціну.

«Відавочна, што пры такой рэзкай зьмене эканамічнай каньюнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а мэханізм разьлікаў — пад’ёмным для спажыўцоў», — перакананы Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь папрасіла ў Расеі зьнізіць цану на газ у 2020 годзе

Аднак расейскі бок ня бачыць падставаў, каб уносіць зьмены ў міждзяржаўны кантракт.

«Мы зыходзім з таго, што былі дасягнутыя дамоўленасьці наконт цаны на газ для беларускіх спажыўцоў да канца 2020 году. Гэтая цана зафіксавана ў адпаведным пратаколе паміж урадам рэспублікі Беларусь і „Газпромам“. Згодна з кантрактам, ніякага перагляду не прадугледжваецца», — адзначыў Аляксандар Новак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папрасіў у Пуціна зьніжку на газ. Празь відэасувязь

У адпаведнасьці з дакумэнтам, на 2020 год вызначаная цана ў памеры 127 даляраў за тысячу кубамэтраў. У гэтым зьвязку Аляксандар Лукашэнка абураўся, што для Нямеччыны лічба вагаецца ў межах 80 даляраў пры шмат большых лягістычных выдатках. Для Беларусі справядлівай магла б быць сума 40-50 даляраў за тысячу кубамэтраў, лічыць ён.