Група Bellingcat выпусьціла расьсьледаваньне пра палкоўніка ФСБ, датычнага да катастрофы «Боінга»

Мэмарыял на месцы катастрофы малайзійскага «Боінга» над Данбасам

Чалавек, які хаваўся пад пазыўным «Эльбрус» у перахопленых тэлефонных перамовах пра падзеі на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе, у тым ліку пра катастрофу малайзійскага «Боінга» над Данбасам, — гэта палкоўнік ФСБ Расеі Ігар Ягораў. Гэта сьцьвярджаецца ў апублікаваным у пятніцу расьсьледаваньні групы Bellingcat, выданьняў The Insider і Der Spiegel.

Ягораў, як паведамляецца, служыў у спэцназе ФСБ «Вымпел». Удзельнічаў у анэксіі Крыму, а ўлетку 2014 году як так званы «куратар» прарасейскіх сэпаратыстаў знаходзіўся ў Луганску, выкарыстоўваючы пазыўны «Эльбрус». Пад гэтым псэўданімам ён фігуруе і ў матэрыялах міжнароднага сьледзтва аб катастрофе «Боінга», які, як сьцьвярджаецца, быў зьбіты з расейскай ўстаноўкі «Бук» 17 ліпеня 2014 году. Пра яго гаворыцца як пра прадстаўніка расейскага вайсковага камандаваньня. Асоба «Эльбруса» у матэрыялах сьледзтва не раскрываецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыя-расьсьледаваньне знайшло «сьлед ФСБ» у забойстве чачэнскага камандзіра

Ягораў фігуруе таксама ў справе нядаўна арыштаванага генэрал-маёра Службы бясьпекі Ўкраіны Валерыя Шайтанава. Сьцьвярджаецца, што той быў завэрбаваны менавіта Ягоравым і рыхтаваў замах на Адама Асмаева, які ваяваў у Данбасе на баку Ўкраіны. Сьцьвярджаецца таксама, што Ягораў сустракаўся з Шайтанавым у краінах Эўропы, апошняя такая сустрэча адбылася ў Нямеччыне ў лютым сёлета.

Як гаворыцца ў расьсьледаваньні Bellingcat, паездкі Ягорава па Эўропе апошнімі гадамі дазваляюць выказаць здагадку, што ён займаўся таксама справамі выхадцаў з Чачні. Bellingcat нагадвае пра забойства ў Бэрліне Зэлімхана Хангашвілі, пра магчымую датычнасьці ФСБ да якога гаварылася ў папярэдніх расьсьледаваньнях групы.

У расьсьледаваньні таксама гаворыцца, што нямецкія ўлады былі гатовыя да прыезду Ягорава ў краіну ў сакавіку і рыхтаваліся яго затрымаць, аднак той адмяніў паездку — незразумела, з прычыны абмежаваньняў у сувязі з каранавірусам або ад боязі правалу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі генэрала СБУ па падазрэньні ў супрацоўніцтве з ФСБ

Bellingcat сьцьвярджае, што ідэнтыфікаваў Ягорава як «Эльбруса» яшчэ год таму, але як менавіта гэта ўдалося — не паведамляецца.

Раней група выпускала расьсьледаваньні аб сапраўднай ідэнтычнасьці падазраваных у замаху на Сяргея і Юлію Скрыпаль (гэтая інфармацыя пасьля была пацьверджаная брытанскім сьледзтвам), а таксама аб катастрофе «Боінга» (высновы Bellingcat часткова адлюстраваныя ў матэрыялах сьледзтва).

У ФСБ новае расьсьледаваньне пакуль не камэнтавалі.