UEFA: усім закончыць футбольны сэзон да 3 жніўня

Саюз эўрэпейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA) пастанавіў, што ўсе нацыянальныя пяршынствы гэтага сэзону мусяць быць закончаныя да 3 жніўня 2020 году. Нарада кіраўніцтва саюзу адбылася шляхам відэаканфэрэнцыі.

Нацыянальным фэдэрацыям запрапанаваны выбар варыянтаў завяршэньня сэзону: у поўным аб’ёме, зь меншай колькасьцю матчаў, турніры плэй-оф.

Калі сэзон ня будзе дайграны, месцы камандаў будуць вызначаныя паводле стану на момант спыненьня чэмпіянату.

Кожная нацыянальная фэдэрацыя мусіць падаць свае пляны правядзеньня рэшты чэмпіянату да 27 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-трэнэр зборнай Беларусі пра футбол падчас каранавірусу: «Рызыкоўнае відовішча»

Беларусь на гэты момант застаецца адзінай краінай-удзельніцай UEFA, дзе распачаты футбольны чэмпіянат ня быў спынены ў сувязі з пандэміяй COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольны чэмпіянат Эўропы перанесьлі на наступны год

Апрача таго, як паведамлялася раней, выканкам UEFA вырашыў перанесьці жаночы чэмпіянат Эўропы ў футболе, які меўся адбыцца ад 7 ліпеня да 1 жніўня 2021 году. Турнір пройдзе ад 6 да 31 ліпеня 2022 году ў Ангельшчыне.