Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) апублікавала сьпіс рэкамэндацый для Беларусі па выніках місіі экспэртаў, якія ацэньвалі, як краіна змагаецца з каранавірусам.
Місія САЗ, якая пабывала ў шпіталях Менску і Віцебску, праводзіла сумесную зь Міністэрствам здароўя прэс-канфэрэнцыю 11 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Трэба быць гатовымі яшчэ да 12-18 месяцаў». Што расказалі экспэрты САЗ пра COVID-19 у БеларусіУ прыватнасьці, на сваім афіцыйным сайце САЗ парэкамэндавала беларускім уладам:
- адкласьці ўсе масавыя зборы і імпрэзы, у тым ліку спартовага, рэлігійнага і культурнага характару;
- увесьці варыянты працы на адлегласьці і дыстанцыйнае навучаньне ў школах і ўнівэрсытэтах;
- прыпыніць дзейнасьць «неістотнага бізнэсу»;
- перавесьці на карантын людзей, якія кантактавалі з пацыентамі, у якіх пацьвердзілі інфэкцыю каранавірусам, і людзей, якім «патэнцыйна» пагражае заражэньне;
- зьменшыць «неістотнае» перамяшчэньне людзей, асабліва з групаў «высокай рызыкі» заражэньня;
- весьці празрыстую інфармацыйную палітыку аб змаганьні з каранавірусам;
- працягваць асноўныя мэдычныя паслугі і сацыяльна-эканамічную падтрымку для насельніцтва, асабліва для слаба забясьпечаных групаў.
Як адрэагаваў Лукашэнка
Падчас наведваньня 21 красавіка бабруйскага прадпрыемства «Славянка» Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.
«Яны да нас любові ня маюць, — заявіў Лукашэнка пра WHO. — Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі. Яны прайшліся ўсюды, пайшлі нават у палаты, чаго я не чакаў. Яны нам шмат раілі, аж да карантыну, магчыма, камэнданцкі час. Як спэцыялісты яны кажуць: улада ня хлусіць. Усё як ёсьць, так і кажуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Аж да карантыну і камэнданцкага часу». Лукашэнка пра рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя