У Беларусі 51 памерлы, 6264 выпадкі каранавірусу, Лукашэнка назваў новы сродак ад COVID-19. У ЭЗ паслабляюць карантын.​ Вынікі 20 красавіка

Італьянскі шпіталь. Ілюстрацыйнае фота.

Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 20 красавіка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

  • На вечар 20 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 2,452 мільёна выпадкаў COVID-19. Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 168 784 чалавек.
  • У Беларусі пацьвердзілі 6 264 выпадкі COVID-19. Ад каранавірусу прызналі сьмерць 51 чалавека.​ На раніцу 18 красавіка было зарэгістравана 518 новых выпадкаў, на раніцу 19 красавіка — 510, за апошнія суткі — 457 выпадкаў.
  • Мінздароўя распрацавала рэкамэндацыі, як хаваць памерлых ад каранавірусу – перад выдачай цела мусяць прадэзынфэкаваць, бальзамаваньне не рэкамэндуецца, крэмацыя не абавязковая, пахаваньне — у дзень выдачы цела.
  • У горадзенскім шпіталі павесіўся пацыент. Напярэдадні ў яго ўзялі тэст на COVID-19. Сьледчы камітэт праводзіць праверку.
  • Архіяпіскап Наваградзкі і Слонімскі Гурый знаходзіцца ў рэанімацыі з падазрэньнем на каранавірус. Паводле «Газеты Слонімскай», Гурыю стала кепска падчас велікоднай службы.
  • Галоўная лекарка Стоўпцаў заявіла, што сытуацыя ў раёне складаная, колькасьць пнэўманіяў не зьмяншаецца. На базе раённай лякарні адкрылі шпіталь на 134 месцы.
  • Прадстаўнік САЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў нагадаў пра «належнае інфармаваньне» пра COVID-19 у Беларусі.
  • Лукашэнка расказаў, як супрацоўніка ягонай адміністрацыі правяралі на каранавірус і агучыў новае ратаваньне ад каранавірусу: ультрафіялет. WHO сьцьвярджае, што гэта ня сродак.
  • Яшчэ адзін выпадак каранавірусу ў беларускім войску: захварэў афіцэр у Слоніме. Агулам вядома пра 1 выпадак ва ўнутраных войсках і 4 — ва Ўзброеных сілах Беларусі.
  • EPAM і Wargaming перадалі беларускім мэдыкам 700 тысяч рэсьпіратараў.
  • У Расеі на карантын адправілі тысячы вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў рэпэтыцыі параду.
  • У Туркмэністане пасьля перапынку аднавілі футбольны чэмпіянат.
  • Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман лічыць, што межы краіны павінны быць закрытыя яшчэ год.
  • Швайцарыя, Данія і Фінляндыя пачынаюць аднаўляць працу школ і крамаў. Бэльгія, Грэцыя і Партугалія распрацоўваюць плян аднаўленьня дзейнасьці эканомікі ў траўні. Чэхія і Нямеччына адкрыла невялікія крамы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ